Кіму на зборы далі менш за Парсюкевіча і Казуліна, усяго 7 хвілін

Чаканае з суботы, пасля выхаду Аляксандра Казуліна, вызваленне палітвязняў Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма адбылося ў сераду, 20 жніўня. Сам Казулін у гэты дзень праводзіў прэс-канферэнцыю, пасля завяршэння якой і прыйшла навіна. Вызваленні ўзмацняюць меркаванне пра імкненне Лукашэнкі да Захаду, а іншых абвінавачаных па “справе 14-ці” штурхаюць да патрабавання амністыі, а гэта значыць зняцця судзімасці. Сяргея Парсюкевіча адпускалі з Мінскай папраўчай калоніі № 1, дзе ён павінен быў правесці 2,5 гады, у надзвычайна хуткім рэжыме, па схеме вызвалення Казуліна, якога ледзь не ў майтках выкінулі на вуліцу. У Сяргея цяпер усё добра, а на зборы было ўсяго 20 хвілінаў пасля паведамлення начальніка пра ўказ прэзідэнта аб вызваленні:

Парсюкевіч: Праз 20 хвілінаў мяне практычна выкінулі з калоніі, я толкам і сабрацца нават не паспеў. Настрой баявы, усё нармальна. Пачатак шляху!

З прадпрымальніцтвам, права займацца якім Сяргей і адстойваў ўзімку на сталічных вуліцах і за што быў асуджаны да двух з паловай год турмы, яму давядзецца завяршыць, таму свае высілкі ён накіруе ў палітычную вобласць.

Парсюкевіч: Я вырашыў для сябе асноўны накірунак сваёй дзейнасці скіраваць у палітычны аспект.

Маці Андрэя Кіма, асуджанага да 1,5 гадоў калоніі, Таццяна Андрэеўна пра вызваленне свайго сына даведалася адразу пасля прэс-канферэнцыі Казуліна. Яна вельмі хвалявалася і прасіла ўсіх не званіць, бо моцна чакала тэлефанавання свайго сына, які затрымліваўся ў дарозе з Бабруйску ў Мінск. Каля пад’езда яго ўжо чакалі сябры і журналісты, але Андрэй быў нешматслоўны:

Кім: Я памілаваны Аляксандрам Рыгоравічам Лукашэнкам. Мне выдалі дакумент, паперку аб вызваленні, падстава для вызвалення – памілаванне прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мяне, гэткага нягодніка, веперлі нават, не далі рэчы сабраць. 7 хвілінаў далі на зборы. Я пасля начнога дзяжурства, вельмі спаць хачу.

Пасля гэтага Андрэй скончыў зносіны з прэсай і пабег да мамы. А Еўрарадыё удалося звязацца з сябрам Андрэя, які таксама праходзіў абвінавачаным па “справе 14-ці” Аляксеем Бондарам і быў асуджаны да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання для адбыцця тэрміну ў спецыяльныя установы. Зараз ён знаходзіцца па-за межамі Беларусі і шчыра павітаў вызваленне сябра і паплечніка. Аляксей мае намер працаваць над тым, каб былі рэабілітаваныя ўсе асуджаныя за ўдзел у студзеньскіх акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.

Бондар: Я зараз ні ў якім разе не буду надаваць гэтаму (вызваленню Казуліна, Парсюкевіча і Кіма – аўт.) такога пазітыўнага значэння. Я буду змагацца за тое, каб нам па “справе 14-ці” зараз была амністыя.

Вызваленых Аляксей Бондар называе закладнікамі ўлады перад Захадам і ўпэўнены, што ўлады не змяняліся.

Палітолаг Юры Чавусаў падтрымаў распаўсюджаную пасля вызвалення Казуліна думку, што робіцца ўсё для таго, каб знішчыць перашкоды для дыялогу Лукашэнкі з Захадам.

Чавусаў: “Безумоўна, гэтыя крокі вымушаныя. Проста беларускаму рэжыму трэба наладжваць кантакты з Захадам, каб працягнуць уласнае эканамічнае існаванне шляхам прыцягнення заходніх грошаў у выглядзе інвестыцыяў і крэдытаў, а таксама палітычнай падтрымкі”.

Экс-палітвязень Аляксандр Казулін, даведаўшыся пра вызваленне Андрэя Кіма і сустрэўшыся на волі з Сяргеем Парсюкевічам, паведаміў Еўрарадыё, што ў бліжэйшы час яны выступяць з сумеснай заявай, і іх галоўнай мэтай цяпер будзе спыніць існаванне інстытута палітвязняў у Беларусі.

Казулін: “Тое, што Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч на волі — гэта вельмі добра і вельмі важна. Але мы павінны думаць не толькі пра асобных людзей, але і пра ўсіх астатніх, таму што наперадзе могуць быць і іншыя палітвязні. А мы сёння павінны паставіць кропку на самім інстытуце палітвязняў, і гэта самае галоўнае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі