Хто спявае пра здзекі ў школе і хто стаў каралём хуткасці — #ІхНоравы

На дзіцячым Еўрабачанні выйграла песня пра булінг  

На дзіцячым Еўрабачанні выйграла песня пра булінг   / @rubanau_collage

Магчыма, вам не хапала натхнення і гісторый пра перамогі — і вось у гэтым аглядзе міжнародных навін мы расказваем пра найлепшыя песні, кнігі і машыны.

Песня пра булінг у школе ўразіла еўрапейцаў

Да 2020 года Беларусь пільна сачыла за дзіцячым конкурсам песні “Еўрабачанне”. Бо нашыя дзеткі там выступалі лепш, чым дарослыя! У 2005 перамагла Ксенія Сітнік, у 2007 — Аляксей Жыгалковіч. Але цяпер, на фоне рэпрэсій унутры Беларусі і вайны ў суседняй краіне, Еўрапейскі вяшчальны саюз прыпыніў сяброўства Белтэлерадыёкампаніі. Таму ўсё, што нам засталося, — сачыць за поспехам таленавітых дзяцей з іншых краін.

Сёлета перамогу зноў святкуе Францыя. Першае месца ўзяла 13-гадовая Зоі Клозу. Зноў — бо французы не пакідаюць топ-5 дзіцячага конкурсу з 2018 года, а летась таксама былі першымі. Дарослыя артысты такім пахваліцца не могуць.

Конкурс праходзіў у Ніцы. Зоі там выканала песню Cœur (“Сэрца”) — пра цкаванне ў школе. 

— Гэта актуальная тэма для ўсіх, і яна вельмі важная для мяне, бо я сама сутыкалася са здзекамі ў пачатковай школе, — казала дзяўчынка ў інтэрв’ю французскім журналістам.

А цяпер пра кніжкі!

У Вялікабрытаніі назвалі пераможцу Букераўскай прэміі. Яе можна лічыць трэцяй па важнасці прэміяй пасля Нобелеўскай і Пулітцэраўскай.

У 2023 годзе галоўнай кнігай стаў раман "Prophet Song" (“Песня прарока”) ірландскага пісьменніка Пола Лінча. Гэта кніга пра тое, як маці чацвярых дзяцей спрабуе выратаваць сям’ю, калі Ірландыя коціцца ў таталітарызм.

Старшыня журы Эсі Эдугян адзначыла, што гэтая кніга адлюстроўвае сацыяльныя і палітычныя трывогі сучаснасці.

26-гадовы нідэрландзец — найлепшы кіроўца ў свеце

У апошнія выходныя лістапада завяршыўся сезон “Формулы-1”. Гран-пры Абу-Дабі, завяршальны этап каралеўскіх гонак выйграў Макс Ферстапен.

Матэматычна ён забяспечыў сабе тытул чэмпіёна свету яшчэ ў кастрычніку, замацаваўшыся ўверсе табліцы пасля серыі перамог — а менавіта выйграўшы 19 гонак з 22. Такім чынам пілот каманды “Рэд Бул” стаў трохразовым чэмпіёнам “Формулы-1”.

— Гэта быў неймаверны сезон! На апошнім коле я крыху расчуліўся, бо гэта апошні раз, калі я пілатую гэтую машыну, якая мне так шмат дала. Зразумела, я вельмі ганаруся тым, што выйграў гэтую гонку, але я мушу сказаць вялікі дзякуй усім у “Рэд Бул”, — сказаў Макс у інтэрв’ю пасля гонкі.

Хто спявае пра здзекі ў школе і хто стаў каралём хуткасці — #ІхНоравы
Макс Ферстапен стаў трохразовым чэмпіёнам свету ў гонках / @Max33Verstappen

Віцэ-чэмпіёнам у агульным заліку стаў партнёр Ферстапена па камандзе Серхіа Перэс. Трэцяе месца — у Льюіса Хэмілтана (Вялікабрытанія, "Мерсэдэс") — былога сяміразовага чэмпіёна.

“Рэд Бул” таксама другі раз запар выйграў Кубак канструктараў. Інжынеры каманды, што стварылі самы хуткі і высокатэхналагічны аўтамабіль, апярэдзілі “Мерсэдэс” і “Ферары”.

Найбольшай хуткасці ў гэтым гоначным сезоне паказалі Серхіа Перэс з “Рэд Була” — 337,8 км/ч і Макс Ферстапен — 337,5 км/ч. З такой хуткасцю рухаецца самалёт на ўзлёце!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі