Хто прыклад для мужчын Беларусі ў крызіс маскуліннасці? Міліярдэры vs палітвязні

Мужество — это не только физическая сила / Lehel Kovacs
Мужнасць — гэта не толькі фізічная сіла / Lehel Kovacs

Сусветныя СМІ пішуць пра крызіс маскуліннасці і тое, што гэтае паняцце цяпер акрэсліць складана. Бо мужчынам часам не зразумела, як сябе паводзіць, калі жанчыны становяцца ўсё больш самастойнымі.

А якімі сёння хочуць быць беларускія мужчыны, дзе бяруць ролевыя мадэлі? Можа, раўняюцца на спартоўцаў ці герояў фільмаў? Ці на палітвязняў?

У эфіры Еўрарадыё шукалі адказ доктар філалагічных навук Ірына Сідорская і галоўны рэдактар Еўрарадыё Павел Свярдлоў. Сабралі самае цікавае са стрыму.

Ролевыя мадэлі сапраўды можна знайсці ў серыялах, фільмах ці кнігах, кажа Ірына Сідорская.

Павел Свярдлоў адзначае, што дзяржава спрабуе стварыць такія мадэлі:

— І міліцыянты, і ратавальнікі, і вайскоўцы здымаюць ролікі. Гэта ўсё мяжуе, безумоўна, з прапагандай. Быў такі ролік: хлопец прыходзіць у ваенкамат і такі: “Што, армія?” А палкоўнік кажа: “Ну давай я табе пакажу, што такое армія”. І там ён і на самалёце, і ў танку, і страляе. Напрыклад, так дзяржава падыходзіць да выхавання маскуліннасці.

Але такі падыход не дае персаналізаваных мадэляў — няма канкрэтнага прыкладу.

— А ўсё ж такі хто [канкрэтны. — Еўрарадыё] з беларусаў? А палітвязні? А палітыкі, актывісты, журналісты? Мне здаецца, гэта таксама ролевыя мадэлі, — кажа Ірына Сідорская.

Але ці ўспрымаюцца гэтыя людзі як зоркі? Ці можна іх лічыць папулярнымі хаця б у Беларусі?

— Мне здаецца, адказы нам могуць не вельмі спадабацца. Нам пішуць [гледачы. — Еўрарадыё], што гэта беларускія палітвязні, але ўсё ж дзіўная была б ролевая мадэль, — працягвае Павел Свярдлоў.

— Чаму? Гэта ж людзі, безумоўна, мужныя, прынцыповыя, вельмі моцныя, бо для іх перакананні, каштоўнасці — гэта больш значна, чым шмат што іншае. Гэта, мне здаецца, вельмі годна, — адказвае Ірына Сідорская.

Рэч яшчэ ў тым, што за ролевай мадэллю мусіць стаяць гісторыя поспеху. Для кагосьці гэта грошы, статус і машыны.

— Калі чалавек не здрадзіў сабе, годна трывае тое, што лёс для яго выбраў, чаму гэта не гісторыя поспеху? Мне здаецца, што гэта таксама гісторыя поспеху, — прыцягвае апісанне палітвязняў суразмоўніца.

Тым больш што беларусам сутыкацца са складанымі маральнымі пытаннямі даводзіцца даволі часта, працягвае экспертка.

— Мы ўжо тры гады кожны дзень стаім перед такімі пытаннямі. Зусім нядаўна была прэс-канферэнцыя футбаліста [Станіслава Драгуна, былога гульца ФК БАТЭ, які трапіў у так званыя "чорныя спісы" Мінспорту і праз гэта скончыў кар'еру. — Еўрарадыё], які скончыў свой шлях у футболе. Гэта была такая пакаяльная прэс-канферэнцыя. І я думала: “Вось табе 35 гадоў, не 18, каб сказаць, што ты чагосьці не разумееш. Ты спартсмен, у цябе ёсць фізічная моц. І твая прэс-канферэнцыя — гэта такі стакгольмскі сіндром у чыстым выглядзе. Гэта, безумоўна, не ролевая мадэль. Гэта антымадэль для сучасных мужчын.

Мне здаецца, што мужчынская ролевая мадэль — гэта перш за ўсё асоба, гэта чалавек, які не ідзе за ўсімі, у якой ёсць уласныя перакананні, уласныя каштоўнасці, ён можа дзеля гэтых каштоўнасцяў і перакананняў застацца адзін, застацца незразумелы, застацца без нейкіх дабротаў, але для яго гэта важна.

То-бок маскуліннасць — гэта перш за ўсё не баяцца дзейнічаць і несці адказнасць за свае дзянні, робяць выснову суразмоўцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.