КДБ адмовіўся кампенсаваць маральную шкоду фігуранту "справы Белага легіёна"

КДБ адмовіўся кампенсаваць маральную шкоду фігуранту "справы Белага легіёна"

У судзе Маскоўскага раёна Мінска ідзе судовы працэс Змітра Крамянецкага супраць КДБ. Маладафронтавец, які быў затрыманы па нашумелай "справе Белага легіёна" і неўзабаве выпушчаны, патрабуе ад спецслужбы кампенсацыі маральнай шкоды.

13 снежня адбылося ўжо трэцяе судовае пасяджэнне па справе Крамянецкага. У якасьці адказчыкаў на ім прысутнічалі прадстаўнікі КДБ і Міністэрства фінансаў. Яны адмовіліся прызнаць позву Крамянецкага абгрунтаванай, перадае Радыё "Свабода".

Прадстаўнік КДБ заявіў, што прызнаваць права Крамянецкага на кампенсацыю мусіць Следчы камітэт, бо акурат яму была перададзеная "справа Белага легіёна".

Прадстаўніца Крамянецкага юрыстка Марыя Колесава-Гудзіліна мяркуе, што кампенсацыяй маральнай шкоды павінен займацца КДБ. Менавіта Камітэт дзяржбяспекі і затрымліваў маладафронтаўца і закрываў справу супраць яго — яшчэ 2 чэрвеня, да перадачы "справы Белага легіёна" ў Следчы камітэт. Дарэчы, раней Крамянецкі атрымаў са Следчага камітэта паведамленне, што адказ пра магчымасць кампенсацыі ён павінен атрымаць у КДБ.

Крамянецкі падаў позву пра кампенсацыю маральнай шкоды яшчэ ў жніўні. Пакуль што ён адзіны з фігурантаў "справы Белага легіёна", які спрабуе атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы. Хлопец патрабуе выплаціць 10 тысяч рублёў. 

Рашэнне па справе Крамянецкага суд вынесе 14 снежня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі