Казулін: Калі ў палітыцы нешта і робіцца, то каб нешта ў кішэню сабе пакласці

Казулін: Калі ў палітыцы нешта і робіцца, то каб нешта ў кішэню сабе пакласці

“Без мяне мяне ажанілі”, ― такімі словамі адказвае экс-кандыдат у прэзідэнты і былы старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (“Грамада”) Аляксандр Казулін чуткі пра сваё магчымае вяртанне ў кіраўніцтва партыі.

“На што тут пагаджацца, якая палітыка? Ёсць яна ў нас ці не?.. Калі б была, то можна было б думаць, але ж яе няма проста. Калі тут нешта і робіцца, то толькі, каб нешта сабе ў кішэню пакласці. А гэта не для мяне”, ― кажа Аляксандр Казулін.

Інфармацыя пра магчымае вяртанне Аляксандра Казуліна на пасаду старшыні БСДП (Грамада) з’явілася 11 лістапада. Са спасылкай на старшыню абласной арганізацыі партыі Аляксандра Абрамовіча паведамлялася, што з Казуліным вяліся перамовы пра яго магчымы ўдзел у выбарах новага старшыні партыі падчас з’езду, што пройдзе ў сакавіку 2018 года.  Палітык нагадвае, што выйшаў з партыі па ўласнай ініцыятыве “па маральных меркаваннях” у 2008 годзе і вяртацца ў яе шэрагі не збіраецца.

Але пагадзіўся дапамагчы былым аднапартыйцам правесці партыйны аўдыт.

“Па-чалавечы пагадзіўся дапамагчы людзям, бо калі ўбачыў, што адбываецца ў партыі, то ― гэта проста бруд. Мне стала па-чалавечы шкада людзей, якія вераць у нейкія ідэалы і за нешта змагаюцца. Бо група людзей уладу ў партыі ў свае рукі захапіла, і працуе фактычна так, як і ўлада ў нашай краіне: нікога ні да чаго не дапускаюць, ніякай дэмакратыі, выключаюць ў партыі ўсіх, хто з гэтым не згодны. Вы ж разумееце, што я, як чалавек звонку, магу аб’ектыўна сказаць: гэта ёсць, а вось гэтага няма. Прычым, ведаючы, што ёсць, а што павінна быць на самой справе. Да ўсяго, я не стаю ні на чыім баку і проста што ўбачу, тое і скажу. А калі кіраўніцтва партыі будзе адмаўляцца праводзіць гэты аўдыт, то стане відавочна: яны так моцна загразлі ў гэтым, што ўжо баяцца простых дэмакратычных нормаў, якія павінны існаваць”.

Праект заявы аб правядзенні ўнутранага партыйнага аўдыту абмяркоўваўся на пасяджэнні абласнога камітэта БСДП (“Грамада”) 11 лістапада. Дакумент у той дзень не прынялі і вырашылі вярнуцца да яго абмеркавання на наступным пасяджэнні.

Па словах Казуліна, пытанне як прызначэння, так і правядзення ўнутранага аўдыту, планавалася вырашыць “у цішыні”, каб не прыцягваць увагі да БСДП (“Грамада”) чарговым скандалам. І каб па выніках аўдыту партыя “сама вырашыла, што ёй рабіць і як далей жыць”.

Але без скандалу ўсё адно не абышлося. Спачатку Аляксандр Абрамовіч заяўляе, што Казулін нібыта згодны ўзначаліць партыю ў выпадку, калі выбачыцца “за яго выключэнне з кіраўніцтва ў той момант, калі ён з’яўляўся палітвязнем і сядзеў у турме”. А потым дзеючы старшыня партыі Ірына Вештард выказвае нязгоду з прысваеннем Казуліну звання Ганаровага старшыні партыі. Маўляў, у статуце БСДП (“Грамада”) такая пасада не прапісаная.

Аляксандр Казулін узначальваў БСДП (“Грамада”) з 2006 па 2008 год. У ліпені 2006 года ён быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў. 3 жніўня 2008 года, калі Казулін яшчэ быў за кратамі, старшынёй партыі быў абраны Анатоль Ляўковіч. Казулін назваў дзеянні Ляўковіча здрадай і выйшаў з партыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі