"Кажуць, дальнабойшчыкаў не закране". Беларускія кіроўцы — па-за законам у Расіі

"Кажуць, дальнабойшчыкаў не закране". Беларускія кіроўцы — па-за законам у Расіі

З 1 чэрвеня кіроўцы, якія працуюць у Расіі без правоў расійскага ўзору, апынуліся па-за законам. Новыя правілы тычацца і дальнабойшчыкаў, якія працуюць у Расіі з беларускімі пасведчаннямі кіроўцы. А такіх многа. Фармальна, з сённяшняга дня расійскія перавозчыкі мусяць адмовіцца ад іх паслуг.

"Не, ну як... Мы сваімі кіроўцамі даражым. Беларускіх кіроўцаў у нас вельмі многа, і працуюць яны ў нас даўно. Таму будзем ім рабіць замену правоў. Цяпер, відаць, паспрабуем больш працаваць з кіроўцамі, якія маюць расійскія пасведчанні. Але ж магу сказаць, што нас новы закон пакуль не крануў", — распавядае Сяргей Мішын, намеснік гендырэктара маскоўскай кампаніі "Вераніка Імпэкс".

На гэты момант новы закон працуе крыху больш за 12 гадзін. Перавозчыкі, да якіх датэлефанавалася Еўрарадыё, кажуць, што ніхто з іх беларускіх кіроўцаў, якія працуюць у Расіі, яшчэ не быў аштрафаваны.

"Паўтара месяца таму мы атрымалі паведамленне ад расійскай юрыдычнай кампаніі, з якой супрацоўнічаем. Кіроўцаў-міжнароднікаў гэта пакуль не закране. У першую чаргу, новы закон зачэпіць, напрыклад, выхадцаў з Сярэдняй Азіі, якія працуюць на самазвалах, на маршрутных таксі. А кіроўцы-міжнароднікі маюць міжнародныя правы, — каментуе Ніна Заблоцкая, намеснік дырэктара лагістычнай кампаніі "Раціпа". — Тым больш, што Расія падпісалась пад Венскай канвенцыяй, якая ў тым ліку рэгулюе і форму пасведчання кіроўцы. І калі пункты на пасведчанні адпавядаюць зместу канвенцыі, ніякіх прэтэнзій быць не павінна. А калі пачнуцца штрафы ці забарона на рух — гэта, я лічу, будзе бяззаконне, якое здараецца на прасторах неабсяжнай краіны".

Дарэчы, на расійскіх будоўлях таксама працуе многа кіроўцаў з Беларусі. Калі дальнабойшчыкі маюць хаця б нефармальныя гарантыі недатыкальнасці (хаця, па факце і парушаюць новы закон), дык праверкі на будоўлях і могуць стаць першымі крыніцамі праблем для беларускіх кіроўцаў.

Відэа: АНТ

Усе перавозчыкі разумеюць, што штрафы і забароны на ўезд у Расію могуць "пасыпацца" на кіроўцаў з беларускімі правамі ў любы момант. "У такім выпадку — нічога не паробіш. Будзем рэагаваць. Будзем там рэгістраваць кіроўцаў, там арганізоўваць навучанне. Будзем прытрымлівацца расійскага заканадаўства", — каментуе сітуацыю яшчэ адзін буйны беларускі перавозчык.

Сітуацыя тым больш цікавая, што фармальна Беларусь і Расія знаходзяцца ў адной — Саюзнай дзяржаве. Але чым далей, тым часцей "саюзнасць" пачынае даваць збоі. Прыгадаць хаця б нежаданне Расіі выраўнаваць цэны на газ у Беларусі і ў суседняй з ёй Смаленскай вобласці, ці перанакіраванне пасажыраў, якія ляцяць з Мінска, у міжнародныя тэрміналы расійскіх аэрапортаў.

Неабходнасць для беларускіх дальнабойшчыкаў атрымліваць правы расійскага ўзору — відавочны бар'ер на шляху стварэння адзінай эканамічнай прасторы. Размовы пра тое, што беларусаў выведуць з-пад дзеяння забароны, вяліся чатыры гады — ад самага пачатку працы над новым законам. Але так і засталіся размовамі.

"На маю думку, у беларусаў няма ніякай магчымасці лабіраваць свае інтарэсы ў Расіі, — кажа Ніна Заблоцкая з "Раціпы". — Вы ж разумееце, гэта вялікая палітыка. Калі будзе жаданне вышэйшых асобаў вывесці беларусаў з-пад дзеяння закону — будзе так. Не будзе жадання — будзе па-іншаму".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі