“Казацкі атаман” Мікалай Улаховіч: “Не трэба да мяне ў штаб ездзіць!”

У штабе лідара ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча хваляцца: сабралі 55 тысяч подпісаў. Па словах намесніка лідара партыі Алега Гайдукевіча, большая частка сабраная метадам абходу кватэр.

Алег Гайдукевіч: “Мы лічылі: калі за дзень на пікеце збіраецца 200 подпісаў, то гэта вельмі добры вынік. Можна на пікеце 50-100 подпісаў сабраць за дзень. Прычына адна – у людзей няма з сабой пашпартоў. Пікет – гэта ўсё ж такі агітацыйны элемент, але асноўны збор подпісаў – абход кватэр”.

                                              Сяргей Гайдукевіч

Ёсць свой стаханавец “кватэрных абходчыкаў” – хлопец з Салігорска. Ён за тыдзень сабраў… 3 тысячы подпісаў! Гэта амаль 500 подпісаў за дзень.

Што чуваць у астатніх? На другім месцы ідзе Віктар Цярэшчанка. На 29 ліпеня за яго вылучэнне кандыдатам, па версіі штаба Віктара Цярэшчанкі, сабралі 22 тысячы подпісаў. Лідара па зборы подпісаў прэтэндэнт назваць не можа. Кажа, што гэта група маладзёнаў, узростам 23-30 гадоў. І сам настойліва запрашае прыходзіць у штаб.

“Па стане на ранак аўторка 28 ліпеня, – бойка адказвае на пытанне кіраўнік ініцыятыўнай групы па вылучэнні Таццяны Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў, – у нас было 15 тысяч. Наступны раз збіраем дадзеныя ў суботу”.

                                               Андрэй Дзмітрыеў

Звесткамі двухдзённай даўніны гатовы падзяліцца і Валерый Ухналёў, кіраўнік ініцыятыўнай групы лідара партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Калякіна: “У нас было крыху больш 6 тысяч за першыя 4 дні збору. Заўтра вечарам будуць лічбы за наступныя 4 дні працы”. 

Левыя, у адрозненне ад ліберал-дэмакратаў, у пытанні збору подпісаў аддаюць перавагу пікетам. Па словах Ухналёва, на пікетах атрымліваецца не толькі подпісы добра збіраць, але і папулярызаваць партыю і яе кандыдата. Прыехаць у штаб? Не пытанне, але ёсць праблема: знайсці яго і застаць там няма каго.

“У кабінетах не сядзім, увесь час у раз’ездах. Але калі загадзя дамовіцца, то можна і прыехаць. Толькі… Гэта офісны будынак на тэрыторыі былога завода, і там трэба вас арыентаваць: самі не знойдзеце”…

Звыш 10 тысяч подпісаў – у Анатоля Лябедзькі. Патрапіць у яго штаб праблем няма.

                                    Анатоль Лябедзька

А вось даведацца, колькі подпісаў сабрана за Аляксандра Лукашэнку, па-ранейшаму не атрымліваецца. У цэнтральным офісе “Белай Русі”, галоўным зборшчыку подпісаў за дзейнага кіраўніка краіны, на тэлефоны банальна не адказваюць.
Іншая сітуацыя з двума самымі нечаканымі прэтэндэнтамі – “казацкім атаманам” Мікалаем Улаховічам і беспрацоўнай Жаннай Раманоўскай

У Раманоўскай проста падключаная “паштовая скрыня”, і на пакінутую там просьбу ператэлефанаваць яна не адгукаецца. Не дзіўна — яна ж сама каардынатарка сваёй ініцыятыўнай групы па Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай абласцях і па амаль усёй Мінскай вобласці!


А вось “казак”, канешне, здзівіў!


Еўрарадыё: Ці не маглі б вы агучыць лічбу ўжо сабраных за вас подпісаў?

Мікалай Улаховіч: Вось так проста я па тэлефоне ўвогуле нічога не гавару! Вось калі асабіста ўбачымся, тады… Так што – выбачайце.

Еўрарадыё: А калі я да вас у штаб выбарчы прыеду – ёсць жа ён у вас?

Мікалай Улаховіч: Не трэба мне ў штаб ездзіць! Усё нармальна… Я ўвогуле не хачу гэтыя лічбы… Вось, калі ўсе астатнія іх агучаць, – тады і я агучу.

Еўрарадыё: Усе ўжо агучылі! Вось Гайдукевіч хваліцца, што 55 тысяч подпісаў сабраў.

Мікалай Улаховіч: Гайдукевіч для мяне паважаны чалавек, але не да такой ступені! Я сябе таксама паважаю, таму – да пабачэння!

Фота: Змітра Лукашукаcerkov.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі