Кандыдаты на ТБ: Чэрачэнь — пра бізнес, Канапацкая — пра новую партыю

Пра што раскажуць кандыдаты 28 ліпеня?
Пра што раскажуць кандыдаты 28 ліпеня?

Увечары 28 ліпеня чацвёра кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі другі раз будуць звяртацца да выбаршчыкаў па тэлевізары. На выступ кожнага з іх адведзена па паўгадзіны. З 17:00 да 17:30 выступіць Сяргей Чэрачэнь, з 17:30 да 18:00 плануецца выступленне Андрэя Дзмітрыева, з 18:00 да 18:30 да выбаршчыкаў звернецца Святлана Ціханоўская, а завершыць выступленне кандыдатаў Ганна Канапацкая. Аляксандр Лукашэнка ад выкарыстання эфірнага часу адмовіўся.

Пра што кандыдаты будуць расказваць выбаршчыкам гэтым разам? Еўрарадыё папрасіла іх адказаць, чым сённяшні выступ будзе адрознівацца ад папярэдняга і што галоўнае з таго, што яны збіраюцца агучыць.

Сяргей Чэрачэнь а 17:00 нагадае беларусам пра 90-я — толькі гэта будуць не такія 90-я, пра якія ўвесь час расказвае Аляксандр Лукашэнка. Гаворка будзе ісці пра значэнне бізнесу для Беларусі і складаныя ўзаемаадносіны прадпрымальнікаў і дзяржавы.


— У нас не будзе паўтарэнняў, будзе новы выступ. Аснова — прыватная ініцыятыва і запуск праекта па бізнес-асацыяцыі для таго, каб перазапусціць рэформы па бізнес-накіраванасці. І наогул сам прынцып функцыянавання бізнес-сфер у Беларусі. Мы будзем рабіць падводку, чаму бізнес для краіны важны, малы і сярэдні бізнес, і якія наступствы таго, што 26 гадоў у нас душаць прадпрымальнікаў.

Андрэй Дзмітрыеў рыторыку мяняць не збіраецца. У яго планах знайсці новых аднадумцаў сярод тых, хто яшчэ не вызначыўся з выбарам кандыдата.

— Галоўны тэзіс майго выступу застанецца той жа самы — з выбараў здымацца не буду. Беларусі патрэбны новы прэзідэнт, ад старога мы стаміліся. Мой зварот будзе не да тых, хто ўжо сёння прыходзіць на стадыёны і пікеты да альтэрнатыўных кандыдатаў на сустрэчы, а да тых, хто сёння сумняваецца і думае, ці трэба далучацца да тых, хто хоча выбраць новага прэзідэнта.

Ганна Канапацкая і Святлана Ціханоўская яшчэ не гатовыя падрабязна расказаць пра свой выступ. На раніцу 28 ліпеня іх звароты яшчэ ў стадыі рэдагавання.

Напярэдадні Канапацкая абвясціла, што збіраецца стварыць у Беларусі новую партыю. "Гэта тое, над чым я цяпер шчыльна працую, выкарыстоўваючы ўвесь вызвалены праз адмову ад паездак па рэгіёнах час, — расказвае яна. — Першыя заявы зраблю ўвечары 28 ліпеня, падчас выступу на тэлеканале "Беларусь 1". Напярэдадні кандыдат у прэзідэнты заявіла, што ў яе адрас і ў адрас яе дзяцей і давераных асоб паступаюць пагрозы. Яна вырашыла адмовіцца ад правядзення перадвыбарчых мітынгаў.

Апошняй размінкай Святланы Ціханоўскай перад выступам на дзяржаўным тэлебачанні было інтэрв'ю рэдактару Еўрарадыё Змітру Лукашуку. У ім яна расказвала, што дагэтуль не адчувае сябе палітыкам, у выпадку абрання не збіраецца звальняць сумленных міністраў і разлічвае на жаночую салідарнасць з боку кіраўніцы ЦВК Лідзіі Ярмошынай. І адказала на пытанне "Чый Крым?".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі