Вы тут

Кандрусевіч: Каліноўскі заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як нацыі

Трансляцыя выступу Тадэвуша Кандрусевіча / Белсат

Кастусь Каліноўскі заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі. Пра гэта на цырымоніі перапахавання парэштак Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-паўстанцаў у Вільні заявіў  Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. 

"У Бога няма выпадковасцяў. Магчыма, так трэба было, каб мы зноў узгадалі пра тых, хто аддаў сваё жыццё ў трагічных абставінах, імкнучыся здабыць волю", — прыводзіць словы Кандрусевіча сайт рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

Мітрапаліт адзначыў, што ў шэрагах паўстанцаў былі людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Але ўсе яны змагаліся з царызмам за свабоду сваіх народаў і за іх агульную свабоду — "за нашу і вашу свабоду".

Асобна Тадэвуш Кандрусевіч згадаў кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага, чые парэшткі таксама перапахоўвалі сёння. 

"Сярод іх Кастусь Каліноўскі, сын беларускага народа, лідар нацыянальнага вызваленчага руху, публіцыст і паэт, высакародны чалавек, які вызначаўся надзвычайнаю сілаю духа і з’яўляўся адным з кіраўнікоў паўстання. Таму сённяшняя падзея мае вялікае значэнне таксама і для Беларусі. Кастусь Каліноўскі належыць нашай гісторыі як той, хто заклаў аснову самасвядомасці беларусаў як асобнай еўрапейскай нацыі, якая мае права на самавызначэнне", — падкрэсліў кіраўнік беларускіх католікаў.

Ён адзначыў, што гэтая падзея — нагода для яднання, а не для згадвання старых спрэчак: "Узгадваючы тыя далёкія гістарычныя падзеі, мы не імкнемся раздзіраць загоеныя раны і пасыпаць іх соллю. Наадварот, мы хочам яшчэ раз асэнсаваць, да чаго можа прывесці адсутнасць любові да бліжняга і павагі да яго правоў, якія ён атрымаў ад Бога, каб падобнае больш ніколі не паўтарылася. Мы таксама жадаем маліцца за паўстанцаў-мучанікаў, магілы якіх яшчэ зусім нядаўна не былі вядомыя, і аднавіць братэрскія адносіны з суседнімі народамі і вернікамі розных веравызнанняў. Нішто так не аб’ядноўвае, як пралітая за агульныя ідэалы кроў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.