Канцлер Аўстрыі падзякаваў Лукашэнку за збліжэнне ЕС без разрыву з Расіяй

Канцлер Аўстрыі падзякаваў Лукашэнку за збліжэнне ЕС без разрыву з Расіяй

Беларусь і Аўстрыя павінныя нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва і перш за ўсё ў гандлі. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 сакавіка на перамовах з федэральным канцлерам Аўстрыі Себасцьянам Курцам, перадае прэс-служба кіраўніка Беларусі

"Вы ніколі не баяліся прыязджаць у Беларусь, і мы гэта вельмі цэнім", — заявіў Лукашэнка ў сваім вітальным слове. 

Ён паведаміў аўстрыйскаму госцю, што заўсёды рады вітаць аўстрыйскія інвестыцыі ў нашу краіну. "Калі ў вашых буйных кампаній ёсць інтарэсы (а вы пра гэта казалі), я гатовы асабіста з кіраўніком любой кампаніі, якую вы пазначыце, весці дыялог па сумеснай вытворчасці тых тавараў, якія вы палічыце патрэбнымі", — дадаў кіраўнік Беларусі.

Ён падзякаваў Аўстрыі за дапамогу ў збліжэнні Беларусі з Еўрасаюзам і выступіў катэгарычна супраць распаду ЕС і яго аслаблення. Лукашэнка абгрунтаваў сваю пазіцыю прагматычнымі меркаваннямі: "Еўрапейскі Саюз — гэта сёння адна з асноўных апор стабільнасці на нашай планеце. І калі гэтую апору выдраць з-пад агульнай сістэмы, сістэме будзе вельмі складана ўтрымацца на астатніх апорах — Злучаныя Штаты Амерыкі, Кітай, Індыя, Расія. Вельмі будзе складана, усё-ткі чвэрць сусветнай вытворчасці. Таму Еўрапейскі Саюз трэба захоўваць. Натуральна, Еўропу, Еўрапейскі саюз трэба мадэрнізаваць, але ні ў якім разе не ў кірунку развалу".

У адказ Себасцьян Курц пахваліў палітыку Беларусі, якая паляпшае адносіны з Еўрасаюзам, не разрываючы сувязі з Расіяй. "Мне здаецца, што вы знайшлі вельмі пазітыўны, правільны шлях збліжэння з Еўрапейскім Саюзам без разрыву вашых партнёрскіх адносін з Расіяй. На мой погляд, гэты падыход "і, і" значна больш прадуктыўны, чым падыход "або — або", які можа адыграць адмоўную ролю. Гэта датычыць не толькі вашай краіны, але і іншых краін у рэгіёне", — патлумачыў ён.

Таксама канцлер дадаў, што разлічвае на візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Аўстрыю на працягу наступнага паўгоддзя. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі