Канцэрт PortMone і Awindar – гэта вада і агонь ў адным флаконе.

Для некага іх музыка падалася несумяшчальнай. Для іншых – ўзаемадапаўняючай. Дык што ж абагульняе персідскую музыку і музыку горада ад PortMone?

Масуд Талебані і сем яго вучняў выйшлі на сцэну. Ён — у чорнай кашулі з персідскім узорам. Яны — у белым. Гэта кантраст, на якім пабудавана філасофія гурта Awindar. Па словах Масуда, кіраўніка гурта, ён заўсёды хацеў, каб беларусы ўносілі свае ноты ў старадаўнія курдскія спевы.

Масуд Талебані: “Я спецыяльна хацеў, каб быў беларускі каларыт у манеры ігры, настрой. Таму гэта не проста так, не выпадкова.”
Але для большасці беларусаў іранскія песні — гэта прыгожая незвычайная музыка, і не больш за тое. Гэта было заўважна па рэакцыі залы. Беларусы ўважліва, з задавальненнем слухалі курдскія напевы ў той час, як нешматлікія іранцы ў зале падпявалі, прытанцоўвалі і ўвогуле думалі такія думы, пра якія нам ніколі, мабыць, не даведацца.
Пасля канцэрта нашу заўвагу пацвердзіў адзін з іранцаў прысутных на канцэрце: “Сапраўды, розніца ва ўспрыняцці вялікая. Для нас гэтая музыка мае вялізны духоўны сэнс. Яна вельмі цесна звязаная з нашай філасофіяй”.
І гэта робіць амаль немагчымым перакласці ці патлумачыць сэнс словаў песень Awindar, згаджаецца Масуд:
“Там словы вельмі незвычайныя. Няма такога кшталту: “Я цябе кахаю. Прабач і г.д.”. Яны маюць вельмі глыбокі сэнс, і трэба ведаць філасофію, каб здолець іх зразумець”.
Таму беларусы звычайна застаюцца ў няведанні. Толькі ўдзельнікі гурта разумеюць, пра што гэтыя песні, бо звычайна просяць Масуда перакласці і патлумачыць тэксты.
Затое Масуда Талебані гэткая розніца культур ніколькі не засмучае. Бо ў беларускай публікі ёсць мноства сваіх вартасцяў.
Па-першае, мы вельмі цёпла сустракаем музыкаў.
Масуд Талебані: "Мне, дзякуй Богу, заўсёды падабалася беларуская публіка. Яна заўсёды цёплая. Спачатку я атрымліваю масу прыемных эмоцый і потым на працягу канцэрта аддаю іх назад”.
Па-другое, беларусы заўсёды гатовыя станчыць, чаго наўрад ці дачакаешся ад іранцаў:
Масуд Талебані: "Калі ў Іране прасіць некага патанцаваць, хутчэй за ўсё усе будуць саромецца. Хаця шумяць, свішчуць вельмі многа. Але каб выйсці, не хапае смеласці."
Напрыканцы выступу Awindar Еўрарадыё пачало задумвацца: цікава, як будзе слухацца PortMone пасля курдскіх народных песень. І сапраўды, калі гурт выйшаў на сцэну пасля антракту, унутраны настрой адразу кардынальна змяніўся.
У галаве пачалі з’яўляцца такія параўнанні як “агонь – вада”, “золата – блакіт”, “пясок -- мора”.
Але, нягледзячы на такія супрацьлеглыя вобразы, акардыяніст PortMone Аляксей Варсоба адзначыў, што ў іх з Awindar значна больш агульнага, чым можа падацца на першы погляд:
Аляксей: “Масуд робіць сваю музыку ў народнай традыцыі. Не важна, што ў персідскай. Мы таксама сур’ёзна абапіраемся на традыцыю розных культур. У тым ліку, персідскую і беларускую. У гэтым і ёсць вельмі важнае спалучэнне”.
Удзельнік гурта Awindar Раман усё ж мяркуе, што гурты вельмі розныя па стылі: “У гэтым канцэрце яны спалучаюцца добра, але яны розныя абсалютна."
І дадаў наконт выступу PortMone: "Супер! Мне спадабалася. Выдатна граюць хлопцы!”
Фота: Сяржук Голік, Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі