Канапацкая: Бабарыка і Цапкала не сапернікі, а будучыя кіраўнікі ведамстваў

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу экс-дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай. Выйшаўшы з пасяджэння, палітык расказала, што подпісаў для свайго вылучэння плануе сабраць з запасам, а сапернікаў сярод тых, каго Цэнтрвыбаркам дапусціў да ўдзелу ў выбарах, не бачыць:

— Для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты неабходна сабраць 100 тысяч подпісаў, мы плануем сабраць каля 120-125 тысяч. Я не бачу тут рэальных сапернікаў, затое ўжо бачу кіраўніка Нацыянальнага банка, таксама бачу будучых міністра прамысловасці, сувязі і інфармацыі. Калі я стану прэзідэнтам, я буду праводзіць рэформу па аб'яднанні міністэрстваў і ведамстваў.

У ініцыятыўнай групе Канапацкай — 1313 чалавек.

— Яна атрымалася якраз такой, як мы і разлічвалі, — каля 1300 чалавек. Гэта "рэальныя байцы", якія прайшлі не адну кампанію. Яны ведаюць, як гэта няпроста — збіраць подпісы ў спякоту і ў холад — і гэта зусім не тое, што пстрыкаць па клавішах, — гаворыць адкрыта Ганна, маючы на ўвазе ініцыятыўную групу экс-банкіра Віктара Бабарыкі, у якую ўваходзіць амаль 9 тысяч чалавек, сабраных за некалькі дзён праз гугл-формы.

— Бабарыку апазіцыйным кандыдатам не лічу, — працягвае Ганна Канапацкая. — 10 тысяч магчымых сяброў ініцыятыўнай групы, сабраных з выкарыстаннем базы звестак банка [афіцыйных пацвярджэнняў выкарыстання базы банка, у якім працаваў Віктар Бабарыка, няма. — Еўрарадыё] — гэта абсалютна не тыя людзі, якія будуць сапраўды збіраць подпісы. Я не бачу тых рэальных крокаў, якія ён гатовы зрабіць для таго, каб сёння лічыцца апазіцыйным кандыдатам, і для таго, каб рабіць захады для глыбокіх канструктыўных рэформаў, у тым ліку ў палітычнай сферы Беларусі. Ён не прапануе ні судовых, ні палітычных рэформаў.

 

Збор подпісаў Ганна Канапацкая плануе пачаць ужо з заўтрашняга дня. Раней яна казала Еўрарадыё, што і сама возьме ў ім удзел.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі