Каля тысячы студэнтаў эканамічнага ўніверсітэта могуць застацца без жылля

Два інтэрнаты БДЭУ закрыюць на рэканструкцыю, каб падчас чэмпіянату свету па хакеі-2014 засяляць удзельнікаў і балельшчыкаў. Але дагэтуль невядома, куды расселяць студэнтаў на час рамонту.

1200 студэнтаў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта могуць застацца без жылля. Два інтэрнаты недалёка ад Усходняга вакзала ў Мінску па чарзе будуць зачыняць на рэканструкцыю, каб адрамантаваць да чэмпіянату свету па хакеі. Першым, улетку 2011 года, зачыніцца шосты інтэрнат.

"Ёсць рашэнне Міністэрства адукацыі падрыхтаваць пяты і шосты інтэрнат для рассялення ўдзельнікаў і балельшчыкаў чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску. Каб правесці рамонт, студэнтаў трэба выселіць. Гэта па 600 чалавек у кожным інтэрнаце", — распавялі Еўрарадыё ў рэктараце ўніверсітэта. 

Што будзе са студэнтамі, пакуль не вядома. На рэканструкцыю кожнага будынка спатрэбіцца больш за год, і на гэты перыяд навучэнцы могуць застацца без жылля, а бал для засялення істотна вырасце.

"Калі не паспеем зрабіць, то давядзецца зачыняць і другі — гэта ўсяго 1200 чалавек, і 1300 яшчэ ў чарзе стаіць. Мы звярнуліся ў Мінадукацыі, каб нам у студэнцкай вёсцы выдзелілі на гэты перыяд інтэрнат. Пакуль кажуць, што месцаў няма. Што будзе і як, я нават не ведаю. Страшна падумаць", — паскардзіўся супрацоўнік універсітэта.

У адміністрацыі пятага інтэрната кажуць, што рамонт патрэбны, таму гатовыя пацярпець.
"Мы хочам рамонт, нам патрэбны добры рамонт. Таму мы гатовыя пацярпець. У нас сантэхніка ўся страшная, трэба ўсё мяняць. Я думаю, што потым студэнты будуць задаволеныя гэтым інтэрнатам, калі заселяцца сюды. Нам абяцалі, што ўсе з працай застануцца. У нас жа ёсць першы інтэрнат. А студэнты паедуць у студэнцкую вёску, ім таксама там абяцаюць месцы".

Як распавялі Еўрарадыё у БДЭУ, цяпер распрацоўваецца праект на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй. Тэрміны даволі сціплыя, і пачаць рэканструкцыю трэба ўжо летам наступнага года. У першую чаргу будуць уцяпляць фасад, мяняць вокны, якім ужо больш за 20 год, і ўсю сантэхніку. Таксама зробяць рамонт унутры, але пакуль планіроўку мяняць не плануюць.

Грошы на працы выдзелілі толькі ў верасні, таму цяпер распрацоўваецца дакументацыя. Потым будзе праведзены тэндар на падрадчыка, які адрамантуе абодва будынкі да 2014 года.

Студэнты-жыхары інтэрнатаў па-рознаму ставяцца да рэканструкцыі.

"Кажуць, што ў наступным годзе зачыняюць шосты, а яшчэ праз год — нашую "пяцёрку". Таму мы паспеем давучыцца і нас гэта не хвалюе", — адзначае студэнтка 4-га курса.

А вось маладзейшыя навучэнцы занепакоеныя:

"Я кепска да гэтага стаўлюся, таму што губляецца магчымасць жыць у інтэрнаце. Кажуць, што сярэдні бал падымецца да 9. Трэба мець сярэдні бал 9, каб засялілі ў інтэрнат".

"Мы ставімся з разуменнем да гэтага. Нам абяцаюць, што дадуць адзін інтэрнат у студэнцкай вёсцы, а калі не атрымаецца, то часткова расселяць па іншых інтэрнатах".

Фота: maps.google.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі