Каля Гродна “кіроўца першага класа” ўцякаў ад ДАІ і з’ехаў у кювет (відэа)
![Каля Гродна “кіроўца першага класа” ўцякаў ад ДАІ і з’ехаў у кювет (відэа)](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/daewoo_kuvet.jpeg.webp?itok=h9qa2rIY)
Каля Гродна 62-гадовы кіроўца Daewoo прымусіў інспектараў ДАІ зладзіць пагоню. Машына ехала па прыгарадзе, калі патрульныя падалі сігнал спыніцца, але аўтамабіліст вырашыў, што яму варта ўцякаць і дадаў хуткасці. Ён рушыў у бок горада і выйшаў на просты ўчастак дарогі, там страціў кіраванне і з’ехаў у правы кювет.
Як паведамляе прэс-служба Гродзенскай абласной ДАІ, мужчына быў за рулём нягледзячы на пазбаўленне правоў. Праваахоўнікам ён сказаў, што “выпіў трохі піва”, бо яму балеў зуб. Пры гэтым шафёр быў упэўнены, што калі б не страціў кіраванне, то ДАІ б яго не дагнала, бо ён “кіроўца першага класа”.
Утрыманне алкаголю ў яго крыві ўтрая перавышала гранічна дапушчальныя нормы. Машына не атрымала пашкоджанняў.