Каля Чырвонага касцёла з'явіўся стэнд з планам рэканструкцыі тэрыторыі

Каля Чырвонага касёла ў Мінску з'явіўся стэнд з інфармацыяй аб рэканструкцыі тэрыторыі. Як адзначаюць "Мінск-навіны", схема "праекта рэканструкцыі" была выкананая з мноствам граматычных памылак. 

Сярод іншага, на ёй была пазначаная кропка з надпісам "Помнік папу Яну Паўлу II". Насамрэч там знаходзіцца мемарыял на месцы гібелі мінскага падпольшчыка, Героя Савецкага Саюза, рэдактара першага нумара падпольнай газеты "Звязда" Уладзіміра Амельянюка. Паводле схемы, помнік меркавалася перамясціць у бок званоў Нагасакі.

У прадпрыемстве "Мінская спадчына", на чыім балансе знаходзіцца будынак Чырвонага касцёла, кажуць, што ніякі праект рэканструкцыі не распрацоўвалі. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Кохан заяўляе: "Будынак касцёла і прылеглая да яго тэрыторыя ўтрымліваюцца і абслугоўваюцца нашым прадпрыемствам. Ніякіх работ па добраўпарадкаванні бліжэйшым часам тут не мяркуецца. Усе аб'екты, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі, прылеглай да касцёла, уключаючы і помнік Герою Савецкага Саюза Уладзіміру Амельянюку, нікуды пераносіць не плануецца".

"Мінская спадчына" звярнулася па тлумачэнні да каталіцкай грамады пры касцёле святых Сымона і Алены. Сітуацыю абяцаюць кантраляваць ідэолагі з Мінгарвыканкама.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.