Каля 500 спробаў незаконна перайсці беларуска-польскую мяжу зафіксавалі ў аўторак польскія памежнікі. Памежная служба Польшчы паведамляе пра 483 такія спробы.
Большасць з іх былі спыненыя. Толькі двум грамадзянам Ірака дазволілі застацца ў Польшчы. Яны затрыманыя.
Акрамя таго, супрацоўнікі памежнай службы Польшчы затрымалі 13 чалавек за дапамаганне ў незаконным перасячэнні мяжы.
Напярэдадні міграцыйны крызіс на мяжы ЕС з Беларуссю абмяркоўвалі ў Еўрапарламенце. Еўракамісар па ўнутраных справах Ільва Ёхансан паведаміла дэпутатам, што сёлета на межах паміж Беларуссю і ЕС зарэгістравана ўжо больш за 6000 "нерэгулярных" мігрантаў, у той час як у мінулым іх было каля 150. Дзеянні беларускіх уладаў, якія спрыяюць міграцыі, яна назвала "незаконным перамяшчэннем мігрантаў праз мяжу, спансараваным дзяржавай". Падчас абмеркавання гучалі заклікі ініцыяваць судовы працэс супраць Аляксандра Лукашэнкі.