Вы тут

Каліноўцы могуць стаць сур’ёзнай праблемай для Лукашэнкі: меркаванне палітолага

Байцы палка імя Кастуся Каліноўскага / фота з тг-канала беларускіх добраахвотнікаў

Байцы палка імя Каліноўскага раззброілі і распусцілі беларускі добраахвотніцкі атрад імя Літвіна ў Адэсе. Нагода — нібыта махлярскія схемы, па якіх дапамога ад валанцёраў раскрадалася адэскім падраздзяленнем.

Меркаванні на гэты конт падзяліліся. Адны кажуць, што каліноўцы ўсё правільна зрабілі, іншыя называюць расфармаванне рэйдарскім захопам. Хто вінаваты ў гэтым канфлікце?

— Я лічу, што гэтая постканфліктная сітуацыя збольшага раздутая інфармацыйна, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Я думаю, што не маю права каментаваць, хаця некаторыя дэталі я ведаю. Гэта перш за ўсё справа афіцыйных прадстаўнікоў палка Каліноўскага. Гэта прадстаўлена як нейкая сур’ёзная трагедыя і канфлікт, але сітуацыя выглядае зусім інакш.

Не трэба забывацца, што полк Кастуся Каліноўскага — гэта самая вялікая група добраахвотнікаў, якая змагаецца ва Украіне. Гэта самая моцна структураваная, фактычна аўтаномная адзінка. Яна шмат у чым самадастатковая — і ў ідэалагічным плане, і ў плане ўнутранага палітычнага выхавання. У перспектыве гэта можа стаць сур’ёзнай праблемай для рэжыму Лукашэнкі, — падкрэслівае палітолаг.

— Не трэба думаць, што ўлады [цяперашнія ў Беларусі. — Еўрарадыё] не ацэньваюць гэтай пагрозы, — гаворыць Павел Усаў аб узмацненні сілаў палка Каліноўскага. — Яны [ўлады], безумоўна, будуць дзейнічаць прэвентыўна, намагаючыся дыскрэдытаваць беларускі добраахвотніцкі рух ва Украіне. Будуць намагацца стварыць унутранае напружанне, расколы.

На сённяшні момант гэта [добраахвотніцкі рух. — Еўрарадыё] сур’ёзная база не толькі для падрыхтоўкі беларусаў і, напэўна, будучых беларускіх афіцэраў і прадстаўнікоў сістэмы бяспекі ў Беларусі, але і таксама гэта абкатка ў рэальных баявых дзеяннях.

Можна нават сказаць, што ў межах беларускага войска не існуе такіх аддзелаў, якія б прымалі непасрэдны ўдзел у баях. А ў незалежным беларускім руху мы ўжо маем больш за роту людзей, якія прайшлі праз фронт. Полк Кастуся Каліноўскага і добраахвотніцкі рух — гэта яшчэ адзін шанец для беларусаў змяніць сітуацыю ў краіне.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.