Калі жыхары памежжа змогуць без візы ездзіць у Польшчу, Літву і Латвію?

Беларусь перадала Літве рэдактарскія праўкі ў пагадненне аб памежным руху. Пра гэта Еўрарадыё распавёў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
Андрэй Савіных: "Цяпер знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення. Апошні варыянт, падрыхтаваны Беларуссю, перададзены на разгляд літоўскаму ўраду".
Якія змены беларускі бок прапанаваў у тэкст пагаднення, у Літве пакуль не называюць.
Прэс-сакратар літоўскага МЗС Роландас Качыньскас: "Нажаль, на гэты момант мы не можам пракаментаваць, якія праўкі ўнёс беларускі бок. Цяпер мы разглядаем прапанаваныя змены і абмяркоўваем іх з іншымі урадавымі ўстановамі".
Пагадненне пра малы памежны рух з Літвой планавалі падпісаць яшчэ ў мінулым верасні, падчас візіту ў Вільню Аляксандра Лукашэнкі. Але неспадзявана ў самы апошні момант беларускі бок заявіў, што яму патрэбны час на вырашэнне тэхнічных пытанняў.
Выглядае, што з Латвіяй дамову могуць падпісаць раней. Прынамсі, чарнавы тэкст дамовы Беларусь і Латвія ўжо ўзгаднілі, паведамілі Еўрарадыё ў латвійскім МЗС. І падпішуць яе як толькі абедзве краіны завершаць неабходныя ўнутраныя працэдуры, хутчэй за ўсё ў другой палове года.
Дамову аб малым прыгранічным руху міністры замежных спраў Беларусі і Польшчы падпісалі яшчэ 12 лютага ў Варшаве. Але для таго, каб яна пачала дзейнічаць, яе мусяць ратыфікаваць парламенты і прэзідэнты Беларусі і Польшчы.
У спісе дакументаў, што знаходзяцца на разглядзе беларускага парламента, падпісанай Дамовы пакуль няма. На сайце польскага Сейма ён маецца, але дакладная дата разгляду пакуль не вядомая.
Прэс-служба Сейма: "У раскладзе найбліжэйшага пасяджэння Сейма праекта пагаднення няма".
Нагадаем, падпісанае пагадненне з Польшчай і праекты дамоваў з Літвой і Латвіяй змяшчаюць так званае правіла "30 з плюсам". Гэта значыць, што калі, напрыклад, мяжа раёна пачынаецца ў 30-кіламетровай лініі і завяршаецца менш чым у 50-кіламетровай адлегласці ад мяжы, то ўсе жыхары гэтай мясцовасці змогуць карыстацца выгодамі дамовы. Адпаведна, не плаціць 60 еўра за шэнгенскую візу, а атрымліваць спецыяльны дазвол на 5 гадоў, які мусіць каштаваць 20 еўра.
Глядзі таксама

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі