Калгаснікам даплочваюць 125 тысяч, калі яны не паляць і не п’юць

На безалкагольныя прэміяльныя ў мінулым годзе калгас “Радзіма” патраціў амаль 50 тысяч долараў, а колькасць курцоў стала адным з эканамічных паказчыкаў У бялыніцкім калгасе “Радзіма” сёння не паліць больш за палову працаўнікоў. На апошнім сходзе калгаснікаў разам з планамі на ураджай узята новае незвычайнае абавязальніцтва: за гэты год колькасць курцоў у гаспадарцы павінна скараціцца на 15%. Самі некурцы будуць угаворваць 58 заядлых курцоў развітацца з дрэннай звычкай. Калі гэта атрымаецца, надбаўка да заробку стане не 10, а ўжо 15%.

Еўрарадыё пацікавілася ў старшыні гаспадаркі Аляксандра Лапацентава, як ён адсочвае, ці насамрэч чалавек кінуў паліць.

Аляксандр Лапацентаў: Спачатку я думаў, што гэта будзе для мяне праблема. Вось у нас быў выпадак: маладая сям’я прыехала, і жанчына паліла ціхама цэлы месяц, і тут жа людзі сталі гаварыць, чаму гэта яна паліць і атрымлівае даплату. Канешне, прыйшлі, сказалі. Таму людзі - вельмі добрыя кантралёры.

Дарэчы, за мінулы год калгас выплаціў своеасаблівай прэміі некурцам на 111 мільёнаў рублёў(!) – гэта 50 тысяч долараў. Па словах галоўнага эканаміста, гаспадарка ў лідэрах у раёне. Таму ёсць грошы і на даплату некурцам, і на стыпендыі для школьнікаў у 105 тысяч кожную чвэрць. Сёлета запланавана павялічыць надоі малака да 8 тысяч 765 тон, што на 200 тон болей.

Загадчыца малочна-таварнай фермы “Радзімы” Святлана Калакустава ўпэўнена, што на працу здаровы лад жыцця калгаснікаў не ўплывае. Аднак на ферме зараз няма ніводнай даяркі, якая паліць.

Як даведалася Еўрарадыё, калгаснікі “Радзімы” кідаюць паліць па-рознаму: нехта пасля тлумачальнай гутаркі, а некаторыя з дапамогай медыцынскіх прэпаратаў.

Святлана Калакустава: Я ведаю па сваіх – куплялі таблеткі спецыяльныя ад курава і кідалі паліць нават за тыдзень. Вось мой муж, напрыклад, кінуў за тыдзень, а паліў ён з гадоў 20, а зараз яму 40.

Самы высокі заробак сярод даярак за люты склаў 700 тысяч рублёў. А акрамя 10% надбаўкі да заробку, таму, хто яшчэ не п’е, у калгасе даплочваюць 15%. Атрымліваецца, штомесячна можна атрымаць 125 тысяч толькі за тое, што вядзеш здаровы лад жыцця.

Святлана Калакустава: У нас яшчэ 15% налічваюць за тэхналагічную дысцыпліну і за тое, што чалавек не ўжывае спіртныя напоі.

Тэхнік-асемянатар Аляксандр Міхайлаў кінуў паліць шэсць гадоў таму і сцвярджае Еўрарадыё, што пасля гэтага не выпаліў ніводнай цыгарэты.

Аляксандр Міхайлаў: Хочаце верце, хочаце не. Вось адразу ж – сёння палю. А назаўтра аддаў пачак цыгарэт аднаму чалавеку і ўжо больш не палю.

Калі калгаснікам ўсё ж не атрымаецца “ўламаць” яшчэ 58 курцоў кінуць паліць, даплата да заробку застанецца такой жа.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі