Вы тут

Качыньскі: У Беларусі цяпер няма сілаў, якія б маглі скінуць Лукашэнку

Яраслаў Качыньскі / Gazeta Wyborcza

У Беларусі цяпер нямае ўнутраных сілаў, якія маглі б скінуць Лукашэнку. Пра гэта ў размове з Польскім радыё заявіў кіраўнік польскай партыі "Права і справядлівасць" Яраслаў Качыньскі. Па яго словах, сітуацыя магла б выглядаць па-іншаму, калі б у 2020-м годзе да пратэстоўцаў далучыліся дзяржаўныя прадпрыемствы, як гэта было ў Польшчы ў часы Салідарнасці.

"Чаму паўстанне, якое ўспыхнула летам пазамінулага года, скончылася паразай? Проста таму, што да яго не далучыліся буйныя прадпрыемствы", — мяркуе кіраўнік ПіС.

Цяпер, на думку Качыньскага, Беларусь практычна залежыць ад Расіі, хоць Лукашэнка і не хоча ўступаць у вайну.

"За захаванне сваёй улады Лукашэнка ледзь не паплаціўся далучэннем да Расіі. Вядома, ён ухіляецца ад вайны, таму што баіцца, што калі Расія пацерпіць паразу — а ён так думае — то Захад урэшце ўступіць у гэтую вайну і яна скончыцца поўнай паразай", — кажа Качыньскі.

Лідар PiS не выключае, што пасля вайны ў Еўропе будзе сфармаваная новая геапалітычная сістэма, і змены ў геапалітыцы закрануць у тым ліку і Беларусь.

"Я б гэтага вельмі хацеў, але цяпер не магу нічога абяцаць", — кажа палітык.

Надоечы прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што не лічыць Беларусь у вайсковым плане асобнай ад Расіі краінай. 

"У гэтым сэнсе Уладзімір Пуцін уключыў Беларусь у склад Расіі, Беларусь стала яшчэ адной расійскай ваеннай акругай або часткай Заходняй ваеннай акругі Расійскай Федэрацыі. Не скажу, што адчуваю небяспеку ад рэжыму Лукашэнкі. Небяспека ёсць, яна рэальная, і гэта небяспека з боку Расіі", — сказаў кіраўнік Польшчы.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.