Качанава сустрэлася з кіраўніком БСДГ
![Качанава сустрэлася з кіраўніком БСДГ](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/000022_1593688308_397104_big.jpg.webp?itok=N-AIZHeS)
У Мінску адбылася сустрэча старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, экс-кандыдата ў прэзідэнты Сяргея Чэрачня. Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты Нацыянальнага сходу, яны дамовіліся пра правядзенне круглага стала па пытаннях канстытуцыйнага будаўніцтва. Падкрэсліваецца, што пра сустрэчу папрасіў Чэрачань, які хацеў абмеркаваць у тым ліку і "канстытуцыйна-прававую рэформу".
Пра сустрэчу ў Facebook напісаў і Сяргей Чэрачань. Ён лічыць, што "пратэст не ідзе на спад, а ўлада не ідзе насустрач патрабаванням пратэстоўцаў", адбываецца "эскалацыя гвалту". Выхад палітык бачыць толькі ў круглым стале ўлады і апазіцыі. "Тыя пляцоўкі, якія цяпер улада прапануе грамадству, імітуюць дыялог", — піша Чэрачань. Ён перакананы, што там прадстаўлена не беларускае грамадства, а вертыкаль улады. Таму кіраўнік партыі і вырашыў паразмаўляць з Качанавай пра "магчымасць стварэння... дыялогавай пляцоўкі". Сяргей Чэрачань спадзяецца, што ў ёй возьмуць удзел "прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл Беларусі".
![Качанава сустрэлася з кіраўніком БСДГ](/sites/default/files/paragraphs/image/cze7.jpg)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.