Каб танна адпачыць, беларусам давядзецца купляць пуцёўкі ў суседніх краінах

Напярэдадні сезона адпачынкаў у беларускіх турыстычных агенцтвах кажуць, што цэны на пуцёўкі ў экзатычныя краіны сёлета не толькі не зменшыліся, а нават падняліся. І, як не дзіўна, вінаваты ў гэтым крызіс Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці патаннелі сёлета пуцёўкі ў экзатычныя краіны. Мы параўналі іх кошт у трох краінах: Літве, Польшчы і Беларусі.

У літоўскай турфірме “RM-Travel” мы даведаліся, што там цэны на пуцёўкі не змяніліся пад уплывам крызісу:

Супрацоўніца “RM-Travel”: “Цэны такія самыя, як і ў мінулым годзе. 3 або 4 зоркі, Турцыя, Аланія. Гэта прыкладна 535 долараў, гэта на 7 дзён, усё ўключана”.

У Егіпет і Туніс з Літвы можна таксама паехаць прыкладна за 500 долараў. У гэтую суму ўваходзіць пражыванне на працягу тыдня ў 3-4-х зоркавым гатэлі, харчаванне ды ўсе іншыя даплаты.

У польскіх турбюро таксама пацвердзілі, што цэны не надта змяніліся ў параўнанні з мінулым годам. За 500 долараў адна асоба можа адпачыць 7-8 дзён у 4-х зоркавым гатэлі ў Егіпце ды Турцыі. З усіх экзатычных краінаў найтанней адпачыць можна ў Тунісе. “Гарачую” пуцёўку туды з усімі ўключанымі аплатамі можна купіць ужо за 330 долараў.

Супрацоўніца Alfa Star: “Паглядзім нават Туніс. Дарослая асоба 999 злотых (гэта 330 долараў — ЕРБ) у гатэлі ”Garden Beach”.

А вось беларускія турыстычныя агенцтвы кажуць, што цэны ў гэтым годзе не толькі не зменшыліся, а нават падняліся. І вінаваты ў гэтым крызіс. У турбюро “ДэлюксТрэвел” кажуць, што пад канец сезона пуцёўка ў не вельмі добры турэцкі гатэль каштавала б амаль 700 долараў.

Супрацоўніца “ДэлюксТрэвел”: “Вядома, можна паляцець і за 690 долараў, на 8 дзён, 29 жніўня, гэта па Турцыі, у Кемеры, але гатэль такі, скажу шчыра, не вельмі”.

Танней можна адпачыць толькі, калі адразу купляць пуцёўку на дзве асобы. Тады кожная з іх заплаціць за 7 дзён у 3 зоркавым турэцкім гатэлі па сістэме усё ўключана каля 600 долараў. А калі хочаце сэканоміць яшчэ больш — тураператары запрапануюць вам вылет з Масквы:

Супрацоўніца “ДэлюксТрэвел”: “З Масквы можна 26 чэрвеня ўдваіх вылецець за 830 долараў на 8 дзён у 4-х зоркавы гатэль. А вось з Мінска напрыклад 28 чэрвеня — 1030 долараў у гэты ж гатэль на 8 дзён”.

Цэны на гатэлі вышэйшага стандарту, вядома, паўзуць яшчэ больш угару. Такім чынам, атрымліваецца, што беларусам у гэтым годзе, каб адпачыць танна, трэба будзе купляць пуцёўкі ў суседніх краінах. Дарэчы, польскія і літоўскія аператары не бачаць ніякіх праблемаў у тым, каб супрацоўнічаць з беларускімі грамадзянамі.


Фота — etravel.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі