Каб стаць дворнікам у Нацбанку, трэба запоўніць анкету на сайце

На сайце Мінпрацы вакансія прыбіральшчыкаў адна з самых папулярных. Толькі па Мінску яны патрабуюцца часцей, чым повары, медсёстры ды нават дактары!

Як заўважае Еўрарадыё, толькі за апошні месяц для прыбіральшчыкаў знайшлося болей за 1200 вольных месцаў, у той час як для дактароў-спецыялістаў прапаноўвалі за месяц толькі 887 варыянтаў працаўладкавання.

З большага патрабаванні да прыбіральшчыкаў мінімальныя — без адукацыі, без шкодных звычак ці пенсіянер. Аднак бываюць і больш крутыя прапановы.

Да прыкладу, у 2-м дзіцячым садку Брэста патрэбен прыбіральшчык з вышэйшай адукацыяй.

“Гэта памылка! Нам з любой адукацыяй патрэбен, але калі будзе з вышэйшай адукацыяй, будзе прыбіральшчык вышэйшага пілатажу”, — смяюцца ў Брэсце. У гэтым горадзе прыбіральшчыкам прапаноўваюць усяго 750 тысяч рублёў, але можна зарабіць і ўдвая болей з загрузкай на поўную стаўку. 

Памылкова далі аб’яву наконт вакансіі прыбіральшчыка з вышэйшай адукацыяй і ў “Бабруйскмэблі”. У аддзеле кадраў здзіўляюцца: я чую, як дзяўчына ўдакладняе, ці патрэбен ім прыбіральшчык з вышэйшай адукацыяй. Аказваецца, яны шукаюць бухгалтара з вышэйшай адукацыяй і прыбіральшчыка без адукацыі.

Чашніцкай міжраённай базе патрэбен прыбіральшчык, пракачаны да 3-га разраду. Між тым, ёсць аб’явы і пра прыбіральшчыка 2-га разраду і нават 1-га. У чым розніца?

“Няма ніякай розніцы — што другі, што першы. Гэта проста так пішуць”, — нечакана губляюцца ў Чашніках.

Еўрарадыё: Дык мо ў заробках ёсць розніца?

Чашнікі: "Не, няма ніякай розніцы".

Еўрарадыё: Дык мо патрабаванні нейкія ў вас да прыбіральшчыкаў?

Чашнікі: "Ну, каб жанчына была".

Еўрарадыё: Чаму жанчына?

Чашнікі: "Бо хіба мужчына будзе прыбіраць падлогу ў гандлёвай зале, калі ўсе ходзяць? Мужчына не будзе, бо менталітэт у нас такі: што мужчына ў нас грузчык, а жанчына — прыбіральшчыца", — тлумачаць у Чашніках нацыянальную ідэю.

А вось у Нацбанку шукаюць прыбіральшчыка з прафесійным патрабаваннем: “веданне спосабаў і прыёмаў бяспечнага выканання работ, правіл эксплуатацыі прыстасаванняў - рыдлёўка, граблі, ледасек” — абавязкова. На шчасце, без ведання замежных моваў і без валодання камп'ютарам. На афіцыйным сайце нават прапаноўваецца запоўніць анкету для кандыдата ў дворнікі. У ёй патрэбна ўказаць кваліфікацыю і спецыяльнасць па дыпломе.

Грошай абяцаюць не густа: усяго 1,4 мільёна на поўную стаўку. Дарэчы, сярэдні заробак, які прапаноўваюць прыбіральшчыкам ды дворнікам за працу, — 2,5-3 мільёны.

Але ўсіх па заробках зрабіў ЦУМ. Згодна з вакансіяй на сайце Мінпрацы, прыбіральшчыцы прапаноўваюць 4,8 мільёна. Пытаюся, ці не занятая яшчэ вакансія. Аказваецца, свабодная.

ЦУМ: “Аклад — 2,5 мільёны, плюс прэмія. Я не давала гэтую вакансію. Калі начальства так дало — значыць, такі заробак”.

Еўрарадыё: А ў прадаўшчыц у вас які заробак?

ЦУМ: "Такі ж самы, як і ў прыбіральшчыкаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі