Вы тут

Каб не "дыскрэдытаваць імідж" прэзідэнта, у Туркменістане хаваюць чэргі

Чарга каля харчовай крамы ў Ашхабадзе ў 2020 годзе / rus.azathabar.com

Каб не "дыскрэдытаваць імідж" прэзідэнта, у Туркменістане хаваюць чэргі па прадукты, паведамляе rus.azathabar.com. Перад крамамі могуць збірацца не больш за чатыры чалавекі, астатнія людзі чакаюць сваёй чаргі ў наваколлі. Такая сітуацыя, напрыклад, у горадзе Туркменабад на ўсходзе краіны. Чэргі там збіраліся каля крамаў, дзе можна набыць прадукты па субсідзіраваных коштах. Цяпер жа мясцовым жыхарам трэба зарэгістравацца ў чаргу і чакаць тэлефанавання прадаўца, каб атрымаць дазвол з'явіцца каля гандлёвага аб'екта. За сітуацыяй сочыць паліцыя. Тавары прадаюцца праз чорны ход. Калі хтосьці выказвае незадаволенне, яму пагражаюць выкідваннем з чаргі ці нават арыштам.

Яшчэ раней новаўвядзенне з'явілася ў Ашхабадзе. Але ў сталіцы чэргі цалкам забаронены, нават чатыры чалавекі не могуць збірацца каля крамаў. Гэта ініцыятыва віцэ-прэм'ера Сердара Бердымухамедава, сына прэзідэнта Туркменістана.

У Туркменістане ўжо некалькі гадоў працягваецца эканамічны крызіс. Курс нацыянальнай валюты на чорным рынку пастаянна зніжаецца, а гэта істотна зніжае пакупніцкую здольнасць насельніцтва. Многія грамадзяне могуць набываць прадукты толькі па субсідзіраваных коштах.

Прэзідэнтам Туркменістана з 2007 года з'яўляецца Гурбангулы Бердымухамедаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.