Вы тут

Каардынатар ААН звярнулася да беларусаў і ўладаў Беларусі

Яанна Казана-Вішнявецкі адзначыла гераізм медыкаў / БЕЛТА

Каардынатар ААН у Беларусі Яанна Казана-Вішнявецкі звярнулася да беларусаў і ўладаў нашай краіны. Яна заявіла пра "эвалюцыю ўспышкі інфекцыі COVID-19" у Беларусі, якая "характарызуецца ўстойлівай перадачай і распаўсюджваецца лакальна".

У відэазвароце адзначаюцца "рашучыя захады" сістэмы аховы здароўя і ўраду, "накіраваныя на тэставанне, адсочванне і ізаляцыю", а таксама гераізм медработнікаў. Аднак "цяпер прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў ва ўзмацненні жорсткасці фізічнага дыстанцыявання", — мяркуе каардынатар ААН. Яна нагадала рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя, якая бачыць магчымасць прадухілення пашырэння заражэнняў якраз у захадах дыстанцыянавання.

"COVID-19, як бязьлітасны забойца, атакуе краіны і людзей, — працягвае Яанна Казана-Вішнявецкі. — Вірус можа быць смяротным, нават калі вы маладыя і моцныя".

Каардынатар ААН у Беларусі заклікае беларусаў заставацца дома, "каб спыніць COVID-19". На яе думку, "гэта дапаможа медыкам, прадпрыемствам і супрацоўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і спраўляцца з крызісам".

На раніцу 28 красавіка ў Беларусі налічваецца 12 208 выпадкаў заражэння каранавірусам. За суткі іх колькасць павялічылася на 919 — новы сумны рэкорд. Памерлі 79 чалавек.

Як вядома, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што можа ўвесці самы жорсткі каранцін у любую хвіліну. Але яна, на яго думку, яшчэ не прыйшла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.