Ізраіль імаверна запусціў некалькі ракет і дронаў у бок Ірана

Іранскія вайскоўцы ў Ісфахане

Іранскія вайскоўцы ў Ісфахане / Iranian Army/WANA via Reuters

Ізраіль імаверна ўначы запусціў некалькі ракет і дронаў у бок Ірана. Ізраільцяне начны ўдар пакуль не каментуюць. Улады Ірана заявілі, што збілі некалькі беспілотнікаў, паведамляе "Бі-Бі-Сі". Інфармацыю аб ракетным удары яны абвяргаюць. "Інфармацыі аб ракетнай атацы пакуль няма", — заявіў прадстаўнік Іранскага касмічнага агенцтва. Пра ракетны ўдар паведамілі некалькі амерыканскіх тэлеканалаў са спасылкай на афіцыйных асоб ЗША.

І Іране таксама заявілі, што інцыдэнтаў на аб'ектах ядзернай інфраструктуры, якія знаходзяцца ў Ісфахане, не зафіксавана. Іранскія СМІ паведамлялі пра некалькі выбухаў у раёне аэрапорта якраз горада Ісфахан (мяркуецца, што ўдар быў па базе ваенна-паветраных сіл). Праца гэтага і іншых аэрапортаў рэгіёна прыпынялася.

Як адзначае Reuters, ЗША не ўдзельнічалі ў атацы на Іран, але былі апавешчаныя Ізраілем перад яе пачаткам.

У апошнія дні чакаўся адказ Ізраіля на маштабную атаку ракетамі і дронамі Ірана, якая адбылася ўначы 14 красавіка. Тады ізраільцяне і іх саюзнікі збілі амаль усе з соцень ракет і дронаў, запушчаных па Ізраілі, ахвяр не было. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн адгаварыў ізраільскага прэм'ер-міністра Беньяміна Нетаньяху ад неадкладнага вайсковага адказу Ірану. Захад агульнымі высілкамі намагаецца не дапусціць эскалацыі канфлікту. Таму анансаваўся не маштабны, а хутчэй сімвалічны адказ Ізраіля.

"Мы будзем прымаць рашэнні самастойна. Дзяржава Ізраіль зробіць усё неабходнае для сваёй абароны", гаварыў напярэдадні Нетаньяху.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі