Вы тут

Іван Ціхан заваяваў срэбра на чэмпіянаце Еўропы

Беларус Іван Ціхан заваяваў срэбра на чэмпіянаце Еўропы ў Амстэрдаме. Кідальнік молата, якому 24 ліпеня споўніцца 40 гадоў, паказаў вынік 78 метраў 84 сантыметра. Золата дасталося паляку Паўлу Файдэку — 80 метраў 46 сантыметраў, бронза — яшчэ аднаму прадстаўніку Польшчы Войцеху Навіцкаму — 77,53 м.

Гэта трэцяя ўзнагарода беларускай зборнай на кантынентальным першынстве. Раней Таццяна Халадовіч выйграла золата ў кіданні кап'я, а Аліна Талай — срэбраны медаль у бегу на 100 метраў з бар'ерамі.

Адзначым, што Ціхан — трохразовы чэмпіён свету, чэмпіён Еўропы і бронзавы прызёр Алімпіяды 2008 года. Апошнюю ўзнагароду ён здолеў абараніць пасля допінг-скандалу з дапамогай Спартыўнага арбітражнага суда. Ціхан толькі нядаўна вярнуўся ў вялікі спорт і спадзяецца паспяхова выступіць на Алімпіядзе ў Бразіліі.