Вы тут

IT складаней за ядзерную фізіку: як прайшоў першы дзень падачы дакументаў у ВНУ

Першы дзень падачы дакументаў / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё​

У пятніцу, 12 ліпеня, пачаўся прыём дакументаў у беларускія ВНУ. З самай раніцы да сталоў у прыёмных камісіях у БДУ і БДПУ выстраіліся доўгія чэргі. Еўрарадыё распытала тых, хто спяшаецца падаць дакументы ў першы дзень, куды яны так спяшаюцца, ці задаволеныя сваімі баламі па ЦТ, што думаюць пра выбраныя спецыяльнасці і як збіраюцца мяняць жыццё ў Беларусі.

Антон Суравец: Не паступіў у Чэхію, таму вярнуўся

 

Антон Суравец / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

ЦТ я здаваў летась і набраў 256 балаў. З'ехаў, каб паступаць у Чэхію, але не паступіў, таму вярнуўся. Цяпер паступаю на факультэт ядзернай фізікі. Па-першае, цікава, па-другое, проста падумаў, што больш нікуды не прыдатны.

Каб быць праграмістам, трэба пачаць праграмаваць яшчэ ў школе. Ядзерная фізіка — перспектыўны напрамак.

У Астраўцы будуецца АЭС. Вакол гэтай будоўлі вядуцца спрэчкі, але, я лічу, што ўсё павінна быць нармальна. Каб нешта адбылося, трэба альбо вельмі шмат памылак дапусціць пры пабудове рэактара, альбо павінен здарыцца 9-бальны землятрус. Спадзяюся, што ў нас будзе ўсё добра з будаўніцтвам. Так, там упаў адзін корпус рэактара, але, чуў, яго замянілі.

Падаваць дакументы ў першы дзень вырашыў, таму што, у выпадку чаго, можна перападацца пазней.

Мацвей Рассолька: Хацеў бы стаць прафесарам

 

Мацвей Рассолька / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Я паступаю на ядзерную фізіку. ЦТ па матэматыцы здаў на 68, па фізіцы на 76, па рускай мове — на 75 балаў. Агульны бал разам з атэстатам — 302.Падаваць дакументы ў першы дзень прыйшоў, таму што прымусіла мама.

У будучыні я хацеў бы заняцца навукай — скончыць магістратуру і аспірантуру, стаць прафесарам. Я думаю, што навука — гэта карысны спосаб, з дапамогай якога можна вырашыць мноства праблем.

Дар'я Скальская: Занадта шмат фармалізму

Дар'я Скальская / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Я паступаю пасля педагагічнага каледжа на завочнае аддзяленне філалагічнага факультэта. Вышэйшая адукацыя неабходная, каб расці ў прафесіі. Я хацела б выкладаць рускую мову. У будучыні — можа быць, як замежную.

Каб удасканаліць нашу сістэму адукацыі, на мой погляд, неабходна зменшыць працу з дакументамі. З-за пастаяннага запаўнення актаў і справаздач не хапае часу на дзяцей. Занадта шмат фармалізму, а трэба якасна рыхтавацца да ўрокаў.

 

Паліна Русая: Трэба легалізаваць свабоду слова

 

Паліна Русая / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Сёння я прыйшла сюды выпадкова. Забрала медыцынскую даведку, зрабіла фотаздымкі, падумала: чаму б адразу не падаць дакументы? ЦТ па беларускай мове здала на 96, па англійскай — на 96, па грамадазнаўстве — на 100 і па гісторыі Беларусі — на 95 балаў. Збіраюся паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. З усіх спецыялізацый больш за ўсё падабаюцца адвакатура і натарыят, таксама цікаўлюся гаспадарчым правам.

Што трэба мяняць? Калі казаць пра заканадаўства, у Канстытуцыі прапісаны правы грамадзян, але, наколькі я ведаю, у некаторых выпадках яны маюць даволі фармальны характар. У гэтым карысна разабрацца. У дадатак, думаю, я буду не першая, хто скажа: у нашай краіне трэба легалізаваць свабоду слова.

Ягор Навуменка: Нават калі жывеш у Беларусі, лепш ведаць англійскиую

 

Ягор Навуменка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Сёння дакументы не падаю, прыйшоў за кампанію з сябрам. Сам хачу паступіць у інстытут бізнесу БДУ. Абраў яго, таму што там практыкуецца навучанне на англійскай мове, а я хачу звязаць сваё жыццё з кіраваннем бізнесам альбо менеджментам на англійскай мове. Гэта лепш, нават калі ты жывеш у Беларусі, тут многія маладыя стартапы працуюць з амерыканскімі і еўрапейскімі кампаніямі.

Кацярына Каласіеўская: Педагог павінен быць залучаны ў дзейнасць школы

 

Кацярына Каласіеўская / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Я скончыла педагагічны клас, мае адзнакі не ніжэй за 7 балаў. Па ўмовах прыёму ў БДПУ, я магу паступаць паводле сумоўя, якое зараз пачнецца. Так што ЦТ я не здавала. Вучыцца ў школе было цікава. Падчас вучобы мы замянялі настаўнікаў. Можна было выбраць любы клас і правесці ў ім ўрок. Гэта дазваляе ўбачыць цяжкасці ў прафесіі, зразумець, з кім прасцей працаваць, — з пачатковымі класамі або са старшакласнікамі. Калі пайду на практыку, мне будзе нашмат прасцей, чым людзям, якія не вучыліся ў педагагічным класе.

Педагог — гэта не проста чалавек, які прыйдзе і раскажа табе твой прадмет. Ён павінен быць залучаны ў дзейнасць школы. Я вырашыла пайсці вучыцца на педагога, таму што мая настаўніца рускай мовы актыўная ўсюды — у БРСМ, арганізоўвае ў школе ўсялякія мерапрыемствы.

Мне здаецца, самае галоўнае — быць рознабаковай асобай. Што тычыцца метадаў работы, то для дзяцей больш цікава, калі ўрокі праходзяць у гульнявой форме.

Ілля Мартыненка: Гэта выдатна, што тут шмат дзяўчынак

 

Ілля Мартыненка / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Па ЦТ я набраў 236 балаў. Здаваў хімію, рускую мову і біялогію. Паступаю на факультэт фізічнага выхавання. Для мяне было б ідэальна стаць трэнерам па валейболе, я сам гуляю за каманду Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. Удзельнічаў у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Калі не траплю ў вялікі спорт — пайду выкладаць фізру. Я бачу сябе педагогам.

Хлопцаў у БДПУ прыходзіць мала, вядома, але ў мяне ніякага сораму на гэты конт няма. Гэта выдатна, што тут шмат дзяўчынак (смяецца).

Кацярына Калабук: Школьная форма на вучобу не ўплывае

 

Кацярына Калабук / Раман Пратасевіч, Еўрарадыё

Я праходжу на філалагічны факультэт без іспытаў — у мяне чырвоны дыплом. Прыйшла падаваць дакументы ў першы дзень, таму што лічу, што гэта адказна. Быць педагогам марыла даўно, проста ляжыць душа. У мяне ёсць два малодшыя браты, з якімі я пастаянна займаюся.

Думаю, методыку выкладання можна мяняць. Важна выкарыстоўваць больш сучасныя формы данясення інфармацыі, каб школьнікам было цікава. А такія рэчы, як абавязковая школьная форма, на вучобу не ўплываюць.