Вы тут

Амаль палова — платнікі: каго сёлета плануюць прыняць у БДУ

euroradio.fm

12 ліпеня пачаўся прыём дакументаў у беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы. Самы вялікі ўніверсітэт краіны — БДУ — сёлета плануе прыняць 5193 студэнты. Гэта на 51 больш, чым у мінулым годзе, паведамляе прэс-служба БДУ. 

Плануецца, што на дзённую бюджэтную форму навучання паступяць 2130 чалавек. 67 % з іх будуць вывучаць прыродазнаўчанавуковыя дысцыпліны, 33 % — сацыяльна-эканамічныя і гуманітарныя. 

На дзённую платную форму навучання плануюць прыняць 1934 студэнты, на “завочку” — 474.

Новае: сумесны інстытут з Кітаем

Сёлета ў БДУ ўпершыню адбудзецца набор у Сумесны беларуска-кітайскі інстытут БДУ-ДПУ (Даляньскі політэхнічны ўніверсітэт). Навучэнцы СІБД будуць вывучаць дысцыпліны па спецыяльнасцях “Фізіка (вытворчая дзейнасць)", "Механіка і матэматычнае мадэляванне” і “Сусветная эканоміка”. Чакаецца, што выпускнікі інстытута будуць працаваць у IT-кампаніях як Беларусі, так і Кітая, а таксама ў індустрыяльным парку “Вялікі камень”.

Падрыхтоўка студэнтаў будзе весціся на першых двух курсах на рускай мове, а з 3 курса шэраг дысцыплін — на англійскай. Прадугледжана таксама вывучэнне кітайскай мовы на базавым узроўні. Усяго ў бягучым годзе плануецца прыняць на дзённую форму навучання 28 чалавек, на платную — 30.