IT-краіна: каб адказаць пацыентцы, раённая бальніца стварыла акаўнт “ВКонтакте”

IT-краіна: каб адказаць пацыентцы, раённая бальніца стварыла акаўнт “ВКонтакте”

23 лютага Ніка Дрэмач разам з маці прыехала ў Паставы, каб дапамагчы бабулі вымыць вокны. Здарылася так, што маці ўпала з падаконніка і зламала руку. Ніка адвезла яе ў цэнтральную раённую бальніцу, медыкі зрабілі здымак, канстатавалі пералом і адправілі жанчын да хірурга. Але далей нешта пайшло не так.

“Прыходзім да лекара, а ён, прабачце за выказванне, у сраку “бухі” і збіраўся ўпраўляць руку ў такім стане, — скардзіцца Ніка ў групе “Падслухана Паставы”. — Натуральна, адмовіліся! Сапраўды ў Паставах больш няма каму лячыць, і чаму такое адбываецца? Куды можна звяртацца са скаргамі, і ці можна ўвогуле гэта зрабіць?”

IT-краіна: каб адказаць пацыентцы, раённая бальніца стварыла акаўнт “ВКонтакте”

Маці Нікі напісала паперу пра тое, што адмаўляецца ад абслугоўвання, і пагадзілася, каб на руку наклалі лангетку. Раніцай жанчыну адвезлі ў Мінск. Па словах Дрэмач, там высветлілася, што лангетка была накладзеная дрэнна.

Пост выклікаў шмат каментарыяў з парадамі. Але раптам паміж допісамі з’явіўся адказ ад карыстальніка з нікам “Учреждение-Здравоохранения Поставская-ЦРБ”!

“Было праведзенае службовае расследаванне камісіяй, створанай па распараджэнні галоўнага ўрача. Вывучаны запіс з камер відэаназірання за 23.02.2019 г. Апытаны дзяжурны па бальніцы ўрач — псіхіятр-нарколаг, старшая медсястра прыёмнага аддзялення. Намеснік галоўнага ўрача 23.02.2019 г. сустракалася з дзяжурным урачом-хірургам пры аглядзе цяжкіх хворых у аддзяленні анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Калі Вы засталіся незадаволеныя якасцю аказання медыцынскай дапамогі, Вы павінны былі звярнуцца да галоўнага ўрача або да дзяжурнага адміністратара, нумары тэлефонаў якіх маюцца на стэндзе ў прыёмным аддзяленні і ў медсястры прыёмнага аддзялення”.

IT-краіна: каб адказаць пацыентцы, раённая бальніца стварыла акаўнт “ВКонтакте”

У бальніцы лічаць, што допіс з несправядлівымі абвінавачваннямі мусіць быць выдалены з “ВКонтакте”, а ў адваротным выпадку пагражаюць звярнуцца ў суд.

Высветлілася, што гэта не фэйк. Намесніца галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Пастаўскай ЦРБ Людміла Сямёнава распавяла Еўрарадыё, што 25 лютага юрыст стварыў акаўнт бальніцы “ВКонтакте” — адмыслова каб адказаць Ніцы Дрэмач.

“Нас абурыла недакладная інфармацыя, — кажа Людміла Сямёнава. — Я дзяжурыла 23 лютага. Урача, які нібыта быў п’яны, я бачыла. Разам мы рабілі абход. У той дзень былі і іншыя медыкі. Усе былі апытаныя. Медыкі пацвердзілі, што ўрач не быў п’яны. Потым я падняла відэа ад моманту звароту да аказання дапамогі. Размовы аб алкагалізме не можа быць. У гэты момант прымалі іншых пацыентаў, ніякіх скаргаў не было”.

Па словах Людмілы Сямёнавай, урач, пра якога ідзе гаворка, ужо ў пенсійным узросце:

“У яго ёсць асаблівасці характару: ён размаўляе, расцягваючы словы. Гэта асаблівасці дыкцыі. Чалавеку 67 гадоў. Выказаў жаданне працаваць на пенсіі. Праблем са спіртным ніколі не было. Ні разу не быў зафіксаваны. Урач вышэйшай катэгорыі”.

Ніка Дрэмач, у сваю чаргу, не адмаўляецца ад сваіх словаў. Але, распавядае дзяўчына, нешта даказаць ёй будзе складана, бо 23 лютага яна сапраўды нікуды не паведаміла, што доктар выконвае свае абавязкі ў нецвярозым стане. Яна клапацілася пра маці, было банальна не да таго, каб некуды тэлефанаваць.

“Мы заходзім у “Пасдлухана Паставы”, праглядаем запісы, — працягвае Людміла Сямёнава. — Гэта паляпшае якасць аказання медыцынскіх паслуг. Там ёсць пытанні, як трапіць да ўрача, пра графік працы. Раней мы не рэгістраваліся ад імя бальніцы, але групу праглядалі. А тут не мелі права не адрэагаваць на сітуацыю. Ці будзем весці сваю старонку далей, пакуль не вызначыліся”.

Намесніца галоўнага ўрача кажа, што бальніца сапраўды можа звярнуцца па абарону ў суд — “у тым выпадку, калі да яе пачнуцца якія-небудзь пытанні”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі