Ірына Халіп: “Напішу ліст мужу і вычышчу хату ад КДБ”

Еўрарадыё: Як прайшлі тыя месяцы, калі ў вашай кватэры вас вартавалі супрацоўнікі КДБ?

Ірына Халіп: “Гэта былі, бадай, самыя жахлівыя месяцы ў маім жыцці, для мяне нават горш, чым у турме. Бо калі трапляеш у турму, то разумееш, што ты не дома, ты у казённым доме – там іншыя правілы дзейнічаюць, ты там не гаспадар, ты павінны падпарадкоўвацца. І калі гэта ўсведамляеш і прызвычайваешся да гэтай новай рэчаіснасці, дык потым можна нармальна жыць. А калі ты ва ўласнай хаце, ключы ад гэтай хаты ў нейкіх незнаёмых асобаў, калі яны ходзяць па тваёй хаце ў сваіх нейкіх чырвона-зялёных трыко, калі яны не пускаюць цябе да дзвярэй – ты не можаш адчыняць дзверы і ўвогуле ты не з’яўляешся гаспадаром. Я раней думала, што нейкія сімвалы свайго утульнага дома – гэта, мабыць, кухня, круглы стол, за якім збіраецца сям’я, цяпер я ведаю, што гэта ключы. Ключы – гэта адзіны сімвал. Калі ў цябе ёсць ключы ад уласнай хаты, ты можаш яе адчыняць, зачыняць і ўвогуле, калі пускаць ці не пускаць людзей – тваё права, вось тады ты гаспадар, а так, разумееце, у хаце акупанты, я арыштаваная і разам са мной быў арыштаваны мой сын Данік. Ён вельмі любіць адчыняць дзверы, але яму гэтага нельга было рабіць. Маці, якая кожны дзень цягалася з авоськамі, з ежай, з вадой, з сокамі, гэта і для яе было жахліва… Не ведаю, гэта было жахліва, сапраўды. Я не магу нічога дрэннага сказаць пра тых дзядзек, якія сядзелі ў маім доме. Яны былі карэктныя, яны нармальна сябе паводзілі, ім усім таксама было няёмка ў гэтым удзельнічаць. Але факт застаецца фактам – ты ў сваім доме не гаспадар і гэта вельмі цяжка маральна”.

Еўрарадыё: Ці пільна яны сачылі за забаронамі, за тым, што вам нельга было рабіць?

Ірына Халіп: “Не, яны ўвогуле не сачылі, яны не хадзілі за мной з пакоя ў пакой. Яны не пільнавалі. Я вырашыла вылучыць ім адзін з пакояў, каб яны маглі там нармальна, камфортна размяшчацца. Яны там сядзелі, імкнуліся не выходзіць, пару раз на дзень рабілі нешта паесці, выходзілі на кухню. Яны карысталіся лядоўняй, лыжкамі, але яны самі імкнуліся, як кажуць, не трапляцца мне на вочы лішні раз”.

Еўрарадыё: Як вы атрымлівалі інфармацыю пра тое, што адбывалася ў краіне?

Ірына Халіп: “Я да гэтага часу яшчэ ўсёй інфармацыяй не валодаю. Мае бацькі імкнуліся для мяне купляць “Народную волю”, “Нашу Ніву” і штосьці распавядаць, але ж я ведаю не ўсё. І зараз буду ліквідаваць свой недахоп інфармацыі. Я толькі цяпер атрымала магчымасць размаўляць са сваімі сябрамі, у мяне зараз у гасцях Уладзімер Кобец і ён мне зараз расказвае, хто з’ехаў. І я разумею, што з’ехалі ўсе. Хто не ў турме – той з’ехаў. А я нават не ведала, што з імі. Я думала, што Паша Марыніч, наш добры сябра, тут, а ён, аказваецца, проста збег”.

Еўрарадыё: Што зараз найперш плануеце рабіць?

Ірына Халіп: “Найперш я планую напісаць ліст свайму мужу, у мяне не было магчымасці ўсе 5 месяцаў гэта зрабіць. Няхай гэта не прагучыць неяк нясціпла, што нам горш, чым астатнім, але нам у чымсьці горш. Бо абсалютна ўсе палітзняволеныя мелі магчымасці пісаць да сваіх жонак і атрымліваць лісты ад іх. Мы з Андрэем увогуле былі падзеленыя вось гэтай турэмнай сцяной. І зараз першае – гэта напісаць ліст да мужа. Другое – змяніць замкі ў кватэры, бо мае ключы абышлі такую колькасць народу - КДБ-шнікі, міліцыянты і гэтак далей, што я не адчуваю ў бяспецы сябе ў сваім доме. Трэцяе – выклікаць спецыяльную брыгаду, каб зрабіць дэзінфекцыю, хімчыстку – ўсё-ўсё, каб нават духу іхнага не засталося”.

Еўрарадыё: Ці зможаце вы зараз займацца журналісцкай дзейнасццю?

Ірына Халіп:“Я вельмі на гэта спадзяюся, але адтэрміноўка прысуду – гэта не ўмоўны прысуд. Гэта азначае, што праз два гады мяне зноў будуць судзіць. І суд будзе вырашаць – ці можна мяне зараз назваць законапаслухмянай грамадзянкай ці трэба ўсе ж адправіць мяне ў калонію. Я разумею, што, магчыма, мэта прысуду такая і была – не пакараць мяне, як кажуць у народзе, жэстачайшэ, а проста пазбавіць мяне магчымасці працаваць так, як я прывыкла працаваць. Але я ўсе роўна нешта прыдумаю. У маіх бліжэйшых планах - напісаць кнігу пра ўсё тое, што з намі адбывалася”.

Еўрарадыё: Мы ведаем, што ўчора ў вашага сына быў дзень нараджэння, як вы яго адзначалі, і ці праўда, што Саннікаў даслаў яму маленькі падарунак?

Ірына Халіп: “Калі шчыра, падрунак мы купілі самі і сказалі Даніку, што гэта тата яму даслаў, але Андрэй Саннікаў ужо змог даслаць ліст, адмыслова для Даніка і нават з новай казкай, ён зараз дасылае Даніку казкі пра мышанят. Мы з Данікам учора яшчэ знаходзіліся пад арыштам, таму не маглі прымаць гасцей, якія б хацелі яго павіншаваць. Адзіны чалавек, які мае доступ у маю кватэру – гэта адвакатка Ганна Бахціна. І Ганна прыехала ўчора ўвечары і прывезла шыкоўны самакат для Даніка. А ўсе астатнія сябры мае, калегі па “Еўрапейскай Беларусі”, паплечнікі мужа, яны ўсе чакалі зранку Даніка каля пад’езда, каб мае бацькі вывялі яго на прагулку, і яго проста завалілі падарункамі”.

Еўрарадыё: Ці ведае Данік пра тое, дзе зараз знаходзіцца яго тата?

Ірына Халіп: “Пакуль не ведае. Ён пакуль нічога не ведае, але я думаю, што пра штосьці здагадваецца. Калі нас з Андрэем арыштавалі, увесь гэты час мае бацькі казалі, што мы проста ў камандзіроўцы, што мы паехалі купляць для яго шмат цудоўных падарункаў і хутка вернемся, але калі я вярнулася і сказала, што зараз буду дома, ён чамусьці запытаў: “Мама, а распавядзі, як ты сядзела ў турме?”. Ён жа ўсе роўна чуў размовы дарослых і штосьці ён адчуваў і штосьці ён разумее, магчыма, ён разумее больш, чым мы думаем і вырашыў:  “калі гэтыя дарослыя хочуць сцвярджаць, што нічога дрэннага не адбываецца, няхай яно так і будзе”. Але калі Андрэй не вернецца дахаты ў бліжэйшы час, то вядома ж, я раскажу Даніку ўсю праўду, але я спадзяюся, што магчыма Андрэй хутка вернецца”.

Еўрарадыё: Распавядзіце, калі ласка, пра час у турме – з кім вы там знаходзіліся, пра што вас дапытвалі?

Ірына Халіп: “Мы цэлы месяц сядзелі ў адной камеры з Настай Палажанкай і гэта было вельмі добра, бо мы адна адну падтрымлівалі вельмі моцна. Яшчэ з намі сядзелі дзве “эканамісткі”, яны па эканамічным артыкуле Крымінальнага кодэксу праходзілі. Мяне дапыталі адзін раз 29 снежня і больш мяне, да заканчэння следства, ніхто не дапытваў. І калі мая адвакатка знаёмілася з сутнасцю гэтага першага допыту, яна сказала, што мяне ўвогуле не дапытвалі пра сутнасць гэтай справы. Нарыклад – а што вы бачылі на Плошчы, а з кім вы туды пайшлі? Я ахвотна распавяла, з кім я туды пайшла, гэта ўсе ведаюць, – з мужам, і што я бачыла, я таксама распавяла – я не бачыла тых, хто біў шкло”.

Еўрарадыё: На вас не спабавалі неяк ціснуць?

Ірына Халіп: “Я не магу сказаць, што на мяне аказвалі нейкі ціск. Напэўна, у першы дзень ці другі прыйшоў да мяне аператыўнік, які нес нейкую лухту: “Вы разумееце, вы вернецеся з турмы праз 15 год, сын ваш ужо бандытам вырасце”. Але я была да гэтага гатовая, бо кожны чалавек, які чытаў «Дзеці Арбата», апавяданні Варлама Шаламава – ён усё ведае, як гэта адбываецца, нічога новага. Мне прапанавалі напісаць прашэнне аб літасці, але я сказала, што гэта пішуць злачынцы, а я не злачынца. І больш мяне ніхто не спрабаваў неяк ламаць, катаваць. І вы ведаеце, жанчын увогуле на расцяжку не ставяць, па лесвіцах не ганяюць, я калі даведалася, што майму мужу пагражалі маім жыццём, жыццём сына, я думаю, што мяне трымалі як закладніцу, каб уздзейнічаць на майго мужа”.

Фота: bymedia.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі