Ірына Экпа-Ума выпісалася са шпіталю і вярнулася ў Нігерыю

У панядзелак 16 ліпеня беларуска Ірына Экпа-Ума выпісалася з лонданскага шпіталю. Там яе лекавалі ад малярыі і прыводзілі ў парадак прастрэленую нігерыйскімі баевікамі нагу.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, Ірыну Экпа-Ума баевікі захапілі вечарам 5 траўня.
Здарэнне адбылося ў нігерыйскім горадзе Порт-Харкорт. У закладніках маці чатырох дзяцей знаходзілася 11 дзён, пакуль яе не вызвалілі з палону. Падчас захопу Ірыне прастрэлілі нагу. З кулявым раненнем, заражэннем крыві і малярыяй яе адразу пасля вызвалення самалётам накіравалі ў лонданскі шпіталь.

Брат Ірыны Алег Гівоін расказаў Еўрарадыё, што забірала жанчыну са шпіталя яе дачка, Разалін. Дзяўчына спецыяльна з гэтай нагоды прыляцела ў Лондан з Мінску, дзе вучыцца ў медуніверсітэце.

Алег Гівоін:
“Яна заехала ў Лондан, забрала маці і з’ехала ў Лагос.”

На пытанне: “Ці не страшна ёй было ізноў вяртацца на месца трагічных падзей?”, Алег адказаў, што ў Лагасе, дзе цяпер жыве сям’я Экпо-Ума, захопаў не здараецца.

Брат былой закладніцы нігерыйскіх баевікоў кажа, што здароўе Ірыны яшчэ не вельмі добрае – жанчыне даводзіцца ходзіць з дапамогай мыліц. Але кампанія, дзе яна працуе, дала ёй адпачынак да пачатку верасня.

Па словах Алега Гівоіна, ніякай новай інфармацыі аб прычынах захопу Ірыны ў закладнікі альбо ўмовах яе вызвалення, ён не валодае.

Алег Гівоін:
“Аб прычынах захопу нічога не казала. А аб кошце вызвалення ўвогуле ніякіх нават размоў не было. Размовы на гэтую тэму неяк адразу пасля вызвалення заціхлі. Самае галоўнае вынік – на волі і добра”.

Як стала вядома Еўрарадыё, у жніўні Ірына Экпа-Ума прыедзе на радзіму. Па словах брата, жанчына спадзяецца, што менавіта тут яна зможа канчаткова паправіць сваё здароўе. Што ж тычыцца планаў на час прыбыцця, то Алег выказаўся вельмі лаканічна.

Алег Гівоін: “Планы – наведаць сваякоў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі