Ірына Абельская: Я не магу патэлефанаваць прэзідэнту, толькі ён мне

Ирина Абельская: Я не могу позвонить президенту, только он мне

Галоўны ўрач Рэспубліканскага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Ірына Абельская ў інтэрв'ю парталу tut.by расказала пра тое, хто асноўныя пацыенты vip-клінікі, як доўга яны жывуць, навошта ў яе на працоўным стале тэлефон з выявай дзяржаўнага герба і хто можа трапіць на працу ў "лечкамісіі".

 

Пра пацыентаў

У нас абслугоўваюцца кіраўнікі вертыкалі, асобы, уключаныя ў кадравы рэестр прэзідэнта. Але не толькі яны. Гэта і заслужаныя людзі нашай краіны, і лаўрэаты розных прэмій, артысты, мастакі, навукоўцы, тыя, хто зрабіў унёсак у галіны народнай гаспадаркі, героі, ветэраны і інваліды Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя таго, па праграмах добраахвотнага медыцынскага страхавання атрымаць якаснае медыцынскае абслугоўванне ў нашай клініцы могуць многія грамадзяне Беларусі. Ну, і традыцыйна мы абслугоўваем пасольства і консульства, сур'ёзныя замежныя кампаніі. Мы таксама арганізуем медыцынскую дапамогу для кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, якія прыбываюць у нашу краіну з візітамі.

 

Пра сярэднюю працягласць жыцця vip-чыноўнікаў

Паводле дадзеных за апошнія пяць гадоў, працягласць жыцця пацыентаў лечкамісіі вагаецца ад 82,5 да 84 гадоў. Гэта не надуманыя, а абсалютна рэальныя лічбы. І гэта заслуга не толькі і не столькі тых, хто працуе сёння ў гэтай установе. Мы змаглі захаваць, умацаваць, вывесці на больш сучасны ўзровень тое, што было закладзена шмат дзесяцігоддзяў таму. Прынцып усеагульнай дыспансерызацыі, які быў калісьці абвешчаны, захаваны ў нас да гэтага часу. Пацыенты, якія тут назіраюцца цягам дзесяцігоддзяў (а ў нас жа ёсць пацыенты, якія і 30, і 40 гадоў абслугоўваюцца), ведаюць і разумеюць, як гэта важна.

 

Пра чэргі на МРТ і іншыя паслугі

Як такіх чэргаў для нашых пацыентаў няма. Калі мы гаворым пра медыцынскую дапамогу, напрыклад, пра аператыўнае экстранае ўмяшанне, то тут чаргі нідзе быць не можа. Што да амбулаторна-паліклінічнага звяна, калі пацыенты планава запісаныя на абследаванне, чарга бывае, але яна абсалютна разумная і не перавышае тыдня. Гэта нармальна для любой краіны свету, для любой сістэмы аховы здароўя. Я ўвогуле лічу, што ў нас яшчэ няма чэргаў, як бы камусьці гэтая заява ні здавалася дзіўнай. Проста мы не ведаем, як у іншых краінах, дзе пацыенты ў курсе: планавая аперацыя будзе праведзеная не раней, чым, скажам, праз паўгода, так выразна там вызначаныя часавыя межы.

 

Пра знаёмства з Васілём Быкавым

Я, напрыклад, ганаруся тым, што магла блізка і цесна стасавацца з выбітнымі людзьмі нашай дзяржавы, з людзьмі, якія пакінулі велізарны след у гісторыі, літаратуры, у культуры краіны. Можна з вялікай цеплынёй успомніць і Уладзіміра Мулявіна, і Стэфанію Станюту, і Васіля Быкава, і Івана Шамякіна, і вельмі многіх, якія прайшлі праз нашу ўстанову, з якімі склаліся не проста адносіны доктар — пацыент, а па-чалавечы цёплыя ўзаемаадносіны. Па-іншаму і быць не можа, у нас доктар — гэта амаль сямейны лекар, ён ведае праблемы сем'яў цягам дзесяцігоддзяў, і ён вырашае гэтыя праблемы. Той, хто можа ўбудавацца па сваіх чалавечых якасцях у гэтую сістэму, застаецца і цэніць працу, хто не можа — сыходзіць.

 

Пра супрацоўнікаў vip-клінікі

Лепш, каб спецыялісты, якія прыходзяць да нас у бальніцу, былі спецыялістамі не ніжэй чым першай катэгорыі, каб у іх за плячыма была клінічная ардынатура або аспірантура. З 2013 года мы акрэдытаваныя як навуковая арганізацыя, таму вялікую ўвагу надаем "аступененасці" нашых кадраў, каб гэта былі спецыялісты з кандыдацкай і яшчэ лепш — з доктарскай навуковай ступенню.

 

Пра тэлефон на стале, без кнопак і з выявай дзяржаўнага герба

Гэта для сувязі з прэзідэнтам. Я не магу патэлефанаваць, толькі ён можа.

 

Пра будучыню малодшага сына

Я не задумваюся пра гэта. Але я не думала пра гэта і ў выпадку са старэйшым сынам. Гэта быў яго выбар, і прыняў ён рашэнне звязаць сваё жыццё з медыцынай у апошнім класе Ліцэя БДУ... А якую прафесію абярэ мой малодшы сын... Я б проста хацела, каб ён атрымаў добрую адукацыю, выбраў цікавую прафесію, любіў сваю працу, атрымліваў ад яе задавальненне і прыносіў карысць і радасць іншым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі