Вы тут

Інтэрнэт пад замком: як карыстацца VPN, каб абысці блакаванні Мінінфарма

VPN-сэрвісы ў Беларусі наўрад ці змогуць заблакаваць / The Daily Swig

Са жніўня 2020 года ў Беларусі паступова заблакавалі практычна ўсе незалежныя СМІ — і рэспубліканскія, і рэгіянальныя. Мінінфарм "стаў на шлях вайны" і блакуе ў тым ліку і "люстэркі" сайтаў: толькі ў Еўрарадыё было заблакавана два люстэркі, а лідар тут KYKY: у "бан" трапіў дзясятак іх "люстэркаў".

Але дагэтуль многія не карыстаюцца сэрвісамі, якія дазваляюць абыходзіць блакаванні. Напрыклад, у апытанні Еўрарадыё на ютубе 25% чалавек адказалі, што наогул не карыстаюцца VPN, а яшчэ 19% — вельмі рэдка.

У браўзеры Opera уключыць VPN можна адразу ў наладах

Для "прасунутых" ёсць варыянт карыстацца браўзерам Tor. Тут таксама проста: яго можна спампаваць як на мабільны, так і на камп'ютар, пасля чаго ён сам усталюе абароненае злучэнне і дазволіць вам сёрфіць дзе хочаце. Мінус — ён не такі зручны і звыклы, як больш распаўсюджаныя браўзеры.

Ёсць спецыяльныя VPN-пашырэнні для іншых браўзераў — напрыклад, Chrome і "Яндэкс.Браўзера". Іх можна шукаць праз краму пашырэнняў (шукайце ў наладах). Але яны працуюць не заўсёды, будзьце гатовыя падбіраць варыянт пад сябе.

 

Спецыяльныя сэрвісы

Асобныя праграмы, якія дазваляюць не звяртаць увагі на блакаванні, можна спампоўваць таксама як на мабільны, так і на камп'ютар. Прапаноў вельмі шмат, розных па якасці. Аптымальныя сэрвісы, з якімі можна працаваць нядрэнна бясплатна, наступныя:

Tunnelbear. Яшчэ перад выбарамі гэты сэрвіс падарыў беларускім карыстальнікам па 10 гігабайтаў трафіку на месяц. Шчодрыя яны дагэтуль: трафіку дастаткова, хуткасць падае непрыкметна — для чытання сайтаў будзе досыць. 

1.1.1.1. Зручны сэрвіс, які таксама дазваляе быць ананімным у сеціве і наведваць любыя сайты. 

Lantern. На старце гэты сэрвіс нават атрымаў фінансаванне ад Дзярждэпартамента ЗША, пазней з ім змагаліся ўлады Кітая і Ірана. Паслужны спіс гаворыць сам за сябе.

Browsec. Ніякіх абмежаванняў па трафіку і зручная магчымасць абыходзіць блакаванні.

Psiphon. Гэтым сэрвісам у часе блакаванняў інтэрнэту карысталіся мільёны беларусаў, так што вы пра яго, магчыма, чулі. Але карысны ён і без поўных шатдаўнаў: абыходзіць блакаванні таксама дапамагае. 

Усталяваць іх проста: спампоўваеце, пасля чаго адкрываеце і выконваеце інструкцыі, справіцца кожны. Але спампоўвайце толькі з афіцыйных сайтаў і ні ў якім разе нідзе не ўводзьце свае банкаўскія звесткі: арыгінальныя праграмы іх не патрабуюць, але некаторыя махляры могуць паспрабаваць так вас перахітрыць.
 

VPN можна заблакаваць?

Тэарэтычна так: напрыклад, у апошнія тыдні гэтым вельмі актыўна спрабуюць займацца ў Расіі. Але справа гэта складаная, дарагая і патрабуе прафесіяналаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.