Вы тут

Інфагадзіна ў беларускай школе: У амерыканскай арміі хлопцы ў памперсах ходзяць!

Амерыканскі інструктар і ўкраінскія салдаты / Reuters

— У амерыканскай арміі хлопцы ў памперсах ходзяць. Ёсць побач тумбачка, у якой у яго памадка. Побач у яго сяброўка. Ну, сяброўка ў яго мужчына, гэта зразумела. Гэта нармальная натаўская армія, — такую прамову навучэнцы школы ў Мар'інай Горцы (Мінская вобласць) пачулі днямі на інфармацыйнай гадзіне. Гэтыя заняткі чаргуюцца з класнымі гадзінамі і праходзяць на "нулявых" уроках, іх наведванне абавязковае. Часта на іх выступаюць ідэалагічна падкаваныя лектары.

Школьнікі запісалі прамову такога "запрошанага эксперта" і перадалі ў рэдакцыю Еўрарадыё:

— Немцы баяцца знаходзіцца ў сябе дома, французы баяцца, грэкі слёзы льюць. Вось што бывае, калі ты талерантны да некаторых рэчаў, — працягвае вяшчаць лектар.

Школьнікі смяюцца:

— А вы што, былі ў натаўскай арміі?
— Калі я кажу, то я ведаю, пра што я кажу!
— парыруе дама.

Прысутныя на гэтай лекцыі школьнікі распавялі Еўрарадыё, што перад імі выступала захавальніца Музея баявой славы 5-й асобнай брыгады ў Мар'інай Горцы Людміла Віленаўна Галубенка. Паслухаць яе сабралі ўсе старэйшыя класы, была поўная зала.

Людміла Галубенка ў музеі / www.sb.by

Экспертка не засталася ўбаку і ад пытання інфармацыйнай вайны:

— Людзі працуюць на стаўцы, пранікаюць у твой розум. Спецыяльныя тэхналогіі, якія лёгка забіваюць чалавека... Калі збіраецца натоўп на плошчы, скачуць там, сцягам абмотваюцца і гарлапаняць па струнцы: "Хто не скача той маскаль!" — гэта ўжо не людзі, гэта ўжо натоўп. Беражыце, хлопцы і дзяўчаты, свой мозг, каб туды не трапляла непатрэбная інфармацыя.

Людміла Галубенка праводзіць экскурсію / mgatk.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.