Ілля Міцько скраў навагодні хіт у Джорджа Майкла?

Пад Новы год акулы шоў-бізу запісваюць навагоднія хіты. Яшчэ летам на беларускіх радыёстанцыях з’явілася чыстая-светлая песня праекта Іллі Міцько Love&Doors “Кто вы, люди?”


“Наколькі я ведаю, і музыку, і словы гэтай песні напісаў сам Ілля Міцько, — распавёў Еўрарадыё гітарыст Love&Doors Дзмітрый Дзямідаў. — Аранжыроўку зрабіў Андрэй Сланчынскі. А ў запісу з жывых музыкаў бралі ўдзел Аляксей Зайцаў і я. І Крысціна Садоўская спявае”.

Тэкст песні “Кто вы, люди?” варты асобнага літаратуразнаўчага аналізу. Лёгкая мелодыя і ўрачыстая святочная аранжыроўка падаліся нам нашмат больш удалымі і… падобнымі да нейкай іншай песні. Неўзабаве мы знайшлі: гэта песня дуэта Wham! з назвай “Last Christmas” — калядны хіт 1984 года.


Ілля Міцько, верагодна, прадбачыць, што песня стане вельмі папулярнай. Ён нават паставіў яе тонінгам на свой тэлефон. На жаль, музыка цяпер у Германіі набывае новы гастрольны аўтобус для гурта і таму паразмаўляць з намі пра творчасць аўтара “Last Christmas” Джорджа Майкла ён адмовіўся.

Ілля Міцько:
“Я ў Германіі, тэлефануйце на наступным тыдні”.

Калі ж мы запыталіся пра Джорджа Майкла ў Дзмітрыя Дзямідава, ён зусім не здзівіўся:

“Калі гэтая песня на нешта падобная — я не здзіўлюся. Больш за тое — мяне гэта ніяк не турбуе. Таму што калі такія пытанні ўзнікаюць, заўжды прыгадваецца адна прымаўка: “Уся музыка ўжо даўно прыдуманая, але не ўсе грошы атрыманыя!”
, — распавёў гітарыст.

За 25 гадоў на “Last Christmas” было зроблена безліч кавераў і рэміксаў. Яе пераспяваў нават Crazy Frog! Але ўсе шчырыя пераробкі так і называюцца: “Last Christmas”.

“Гэта ні ў якім разе не плагіят, — падзяліўся меркаваннем з Еўрарадыё прадзюсер і кампазітар Уладзімір Кубышкін. — А тое, што Ілля выбраў менавіта такі ход, я лічу ўдалым і стылёвым. Гэтая песня выклікае ўсмешку і станоўчыя эмоцыі. І я не выключаю, што Ілля гэта зрабіў свядома. Бо ён у добрым сэнсе слова мегакан’юнктурны чалавек: ведае, што трэба людзям, і прапануе ім тое, што можа лёгка ўспрымацца”.

“Кожную песню, вось кожную, абсалютна кожную можна ўзяць — і знайсці да яе яшчэ пару з падобнымі месцамі ці падобныя па форме, ці з падобнымі матывамі, мелодыямі, — працягвае Дзмітрый Дзямідаў. — Бо гармоній, якія выкарыстоўваюцца ў сучаснай музыцы, не так-то і шмат… Таму шмат падобных песень”.

Вось і мы кажам: шмат падобных песень. Ці быў тут сапраўды плагіят — дакладна можа сказаць толькі суд. Але наўрад ці Джордж Майкл калі-небудзь пачуе беларускі хіт.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі