Што агульнага ў саміту NATO і Дажынак? Іх норавы

Вельмі кароткі штодзённы агляд сусветных навін / створана з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекта
Вельмі кароткі штодзённы агляд сусветных навін / створана з дапамогай тэхналогій штучнага інтэлекта

Што агульнага ў кінавідэапракату Беларусі і В'етнама? А ў саміту NATO і Дажынак? Працягваем трымаць вас у курсе сусветных навін.

 

Соплы патрыётаў глядзяць у бок Беларусі

Вільню напярэдадні саміту NATO ператварылі ў крэпасць. Прынамсі так апісваюць горад журналісты Reuters. Ужо заўтра, 11 ліпеня, у горадзе збяруцца лідары 40 краін. І вось як іх будуць абараняць.

Шаснаццаць саюзнікаў па NATO накіравалі сюды ў суме каля тысячы вайскоўцаў. А Германія разгарнула тут 12 пускавых установак Patriot, якія выкарыстоўваюць для перахопу балістычных і крылатых ракет. У аэрапорце Вільні заўважылі восем "Патрыётаў" — соплы двух з іх паказвалі ў бок Беларусі.

Беларускі журналіст Вадзім Заміроўскі ўжо больш за год жыве ў Вільні. Мы спыталі яго, ці сапраўды атмасфера ў горадзе такая грозная. Або ўражлівыя журналісты Reuters перабольшылі.

Напярэдадні саміту мы назіралі, як Вільню прыводзяць у парадак. Беларусы жартавалі — як на Дажынкі. Многія вуліцы рамантавалі, і пісалі, што на час саміту з дарог прыбяруць нават стары грамадскі транспарт. Будуць хадзіць толькі новыя аўтобусы.

У цэнтры ў апошнія дні я не быў — пакуль увагу звярнуў адно на верталёты, якія лёталі досыць нізка. Ну, і вайскоўцаў і паліцыі на вуліцах стала трошкі больш.

Якія ў мяне планы на заўтра? Пайду пагляджу, ці вывесілі беларускія сцягі.

 

Барбі не едзе ў В'етнам

В'етнам раззлавала карта, якую паказалі ў трэйлеры "Барбі", піша Variety.

Гледачу паказалі выдуманую карту свету, на якой уся Азія намаляваная ў выглядзе адной дзяржавы, ад якой вядзе пункцірнай лінія. Здавалася б, пры чым тут В'етнам? У кіраўніцтва краіны гэтая лінія выклікала непрыемныя асацыяцыі.

Падобную пункцірную лініі выкарыстоўвае Кітай, каб пазначаць на карце свае прэтэнзіі ў Паўднёва-Кітайскім моры. В'етнам і Кітай у гэтым рэгіёне прэтэндуюць на адны і тыя ж астравы.

"Гэтыя малюнкі адлюстроўваюць уяўнае падарожжа Барбі з "Краіны Барбі" ў "рэальны свет". Яны не прызначаліся для якіх-небудзь [палітычных] заяў", — сказаў прадстаўнік Warner Bros. Film Group.

Стваральнікі "Барбі" працягваюць апраўдвацца: у кітайскай лініі — 9 пункцірных рысак. А ў лініі на мульцяшны карце — толькі восем. Але в'етнамскія чыноўнікі пакуль не паверылі версіі студыі. Прынамсі, ліцэнзіі на паказ у В'етнаме Барбі пакуль так і не атрымала.

У раскладзе мінскіх кінатэатраў Барбі пакуль таксама няма — але з іншых прычын.

 

Людзі і не толькі

ААН сабрала глабальны саміт, на які паклікала найлепшых антрапаморфных робатаў. І робаты вырашылі даказаць, што штучны інтэлект — гэта зручна і бяспечна.

Напрыклад, робат Надзін расказала, што шэсць месяцаў прапрацавала ў доме для пажылых людзей у Сінгапуры, піша Guardian. Грала з пастаяльцамі ў "Бінга", спявала ім песні і вяла гутаркі. І многія суразмоўцы Надзін прызналі, што аддалі перавагу б жыць ва ўласным доме пад наглядам робата, а не пераязджаць у пансіянат.

Але на прэс-канферэнцыі журналісты ўсё адно пыталі ў робатаў, калі яны збіраюцца захапіць свет.

Робаты сказалі, што збіраюцца працаваць побач з людзьмі і быць карыснымі, а не небяспечнымі! Але, здаецца, ім ніхто не паверыў.

З іншага боку: ілюстрацыю для гэтага тэксту намалявалі алгарытмы ШІ. Паглядзіце на яе ўважліва, каб зразумець, чаму гэтыя алгарытмы не заменяць нашага ілюстратара.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі