Іх норавы: Самая старая піца ў свеце і касмічная Расія

Агляд міжнародных навінаў / Калаж Еўрарадыё

Агляд міжнародных навінаў / Калаж Еўрарадыё

Пакуль Вялікабрытанія пашырае санкцыі ў дачыненні да беларускіх кампаній, а Польшча абараняе свае межы ад нелегальных мігрантаў з боку Беларусі, у астатнім свеце адбываюцца цуды. Напрыклад, у Пампеях археолагі знайшлі фрэску з самай старой піцай, а Расія рыхтуецца адправіць на Месяц... не, не таго, пра каго вы падумалі.

Пра тое, што яшчэ адбываецца на планеце, чытайце ў нашай традыцыйнай рубрыцы "Іх норавы".

 

Нямецкія турысты пабілі статую коштам 200 тысяч еўра

Нямецкія турысты пабілі 150-гадовую статую на віле ў Італіі. Інцыдэнт адбыўся ў горадзе Віджу ў рэгіёне Ламбардыя. Кампанія, у якой, верагодна, быў інфлюенсер Яніс Данер, які мае паўтара мільёна падпісчыкаў у Instagram, арандавала дом для адпачынку.

У садзе вілы знаходзіцца фантан, часткай якога была 150-гадовая статуя Domina, створаная скульптарам Энрыка Буці. На запісах камер відаць, як госці ўзлезлі на фантан і павалілі скульптуру, пасля чаго пазіравалі побач для фота.

Раней статуя ацэньвалася ў 200 тысяч еўра.

Намеснік прэм'ер-міністра Італіі ў пытаннях інфраструктуры і транспарту Матэа Сальвіні, якога абурыла гэтая гісторыя, напісаў у Instagram: "Называйце іх дурнямі, а не інфлюенсерамі".

Их нравы: Самая старая пицца в мире и космическая Россия
Вечарына на фантане / euronews.com

У Пампеях знайшлі піцу, якой 2000 гадоў

Далікатна счышчаючы вулканічную пароду з аднаго дома ў Пампеях, археолагі знайшлі фрэску з выявай, якая нагадвае сучасную піцу. Параўнанне становіцца яшчэ больш дарэчным, калі ўлічыць, што горад знаходзіцца прыкладна за 30 кіламетраў на поўдзень ад Неапаля — радзімы знакамітай стравы.

Класічную піцу гатуюць з інгрэдыентаў, якія не былі даступныя 2000 гадоў таму, калі была намаляваная гэтая карціна. Памідоры з'явіліся ў Італіі пасля іспанскай каланізацыі Амерыкі ў 1500-х гадах. Сыр мацарэла стаў папулярны ў раёне Пампеяў толькі ў 1200-х гадах.

Таму начынне гэтай протапіцы ўключае гранат і, магчыма, фінікі з сумессю спецый або песта.

Их нравы: Самая старая пицца в мире и космическая Россия
Старадаўняя фрэска / euronews.com

Расія рыхтуецца да місіі на Месяц

Упершыню за постсавецкую гісторыю Расія запускае касмічную станцыю на Месяц.

Пуск ракеты-носьбіта "Саюз" з разгонным блокам "Фрэгат" і аўтаматычнай станцыяй "Луна-25" чакаецца 11 жніўня з касмадрома "Усходні" ў Амурскай вобласці.

"Луна-25" можа стаць першай станцыяй, якая сядзе на Паўднёвым полюсе натуральнага спадарожніка Зямлі. Галоўная задача місіі — адпрацаваць тэхналогію мяккай пасадкі.

Станцыя павінна сабраць і прааналізаваць узоры грунту, а таксама даследаваць раён, дзе адбудзецца прызямленне.

 

ЗША спрабуюць абараніць Нігер ад ПВК "Вагнер"

Выконваючая абавязкі намесніка дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд з'ездзіла ў Нігер, дзе сустрэлася з вайскоўцамі, якія раней зрынулі прэзідэнта Махамеда Базума.

Дамагчыся поспеху і пераканаць мяцежнікаў адмяніць пераварот ёй не ўдалося.

"Гутаркі былі надзвычай шчырымі і часам даволі складанымі, — кажа Нуланд. — Гэта была першая размова, у якой ЗША прапанавалі свае добрыя паслугі, калі ў людзей адказных [за пераварот] ёсць жаданне вярнуцца да канстытуцыйнага парадку".

Яна дадае, што выразна акрэсліла наступствы для стасункаў з ЗША, калі Нігер не адновіць Базума на пасадзе або пойдзе шляхам суседняй Малі, супрацоўнічаючы з расійскімі наймітамі з ПВК "Вагнер".

"Я спадзяюся, што яны пакінуць дзверы адчыненымі для дыпламатыі. Мы зрабілі сваю прапанову. Паглядзім... Людзі, што распачалі тут гэтыя дзеянні, выдатна разумеюць, якую рызыку для іх суверэнітэту ўяўляе запрашэнне "Вагнера".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі