Іх норавы. Маск нашкодзіў у космасе, Зяленскі абураецца праз NATO

Працягваем трымаць вас у курсе сусветных навін / калаж Улада Рубанава
 
Працягваем трымаць вас у курсе сусветных навін / калаж Улада Рубанава  

Ілан Маск дапёк ужо не толькі твітарскіх сваімі новаўвядзеннямі ў сацсетцы, але і вучоных сваімі спадарожнікамі Starlink. Пра гэта і не толькі ў чарговым аглядзе сусветных навін.

Starlink Маска замінае касмічным даследаванням

Астраномы Радыёастранамічнага інстытута таварыства Макса Планка высветлілі, што флатыліі спадарожнікаў Starlink перашкаджаюць працы найбуйнейшых радыёастранамічных абсерваторый свету, ствараючы для іх перашкоды.

Арбіта не проста занадта перагружаная рознымі аб'ектамі — на ёй знаходзіцца яшчэ і вялікая колькасць спадарожнікаў Starlink, якія праяўляюць высокую актыўнасць.

Каб даказаць факты негатыўнага ўплыву спадарожнікаў Starlink на абсталяванне навукоўцаў, спецыялісты выкарыстоўвалі сетку нізкачастотных радыётэлескопаў LOFAR, якія маюць каля 52 пунктаў назірання па ўсёй Еўропе. На працягу вызначанага часу астраномы кантралявалі перасоўванне 68 спадарожнікаў Starlink.

У выніку эксперыменту аказалася, што 47 з 68 спадарожнікаў генеравалі выпраменьванне ў дыяпазоне ад 110 да 188 мегагерц, ствараючы такім чынам перашкоды.

"Гэты дыяпазон частот уключае ў сябе абароненую паласу частот паміж 150,05 і 153 мегагерц, спецыяльна выдзеленую для радыёастраноміі Міжнародным саюзам электрасувязі", — падкрэслілі вучоныя.

У SpaceX адрэагавалі на даследаванне, паабяцаўшы знайсці кампраміснае рашэнне праблемы.

Снег у Паўднёвай Афрыцы

Раніцай 10 ліпеня жыхары Яганэсбурга, найбуйнейшага горада Паўднёвай Афрыкі, убачылі за вокнамі снег. Ліпень у Паўднёвым паўшар'і — зімовы месяц, але снег тут не выпадаў больш за 10 гадоў.

Улады параілі паўднёваафрыканцам апранацца цяплей, бо халодны фронт накрыў большую частку краіны і застанецца тут, як мінімум, на тыдзень.

Снег выпаў у цэлым шэрагу правінцый Паўднёвай Афрыкі, уключаючы Усходні Кейп, Мпумалангу і рэгіён Гаўтэнг, у які ўваходзяць Яганэсбург і Саўэта.

Іх норавы. Маск нашкодзіў у космасе, Зяленскі абураецца праз NATO
Фермеры шакаваныя / APF

Метэаролагі параілі фермерам знайсці прыдатныя цёплыя памяшканні для жывёлы, асабліва важныя ў халоднае надвор'е.

Пакуль нельга сказаць, ці з'яўляюцца незвычайна халоднае надвор'е і снег, які выпаў, вынікам кліматычных змен.

Зяленскі раскрытыкаваў NATO

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі рэзка выказаўся аб нерашучасці NATO наконт членства Украіны ў альянсе. Ён апублікаваў заяву, паводле якой на саміце ў Вільні ўжо абмяркоўваюцца фармулёўкі агульнай заявы наконт Украіны.

“Я хачу падкрэсліць: гэтая фармулёўка толькі з нагоды запрашэння, а не з нагоды сяброўства Украіны. Беспрэцэдэнтна і абсурдна — калі няма часовых рамак ні для запрашэння (!), ні для сяброўства Украіны”, —  заявіў ён.

Заявы Зяленскага ў эфіры Еўрарадыё пракаментаваў палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман:

“Украінскі бок паспрабуе ўсё магчымае зрабіць, каб дамагчыся нейкіх новых фармулёвак. Але канкрэтыкі хутчэй за ўсё не будзе, бо нават тыя краіны, якія падтрымліваюць далучэнне Украіны да альянсу, падкрэсліаюць, што гэта магчымае толькі пасля завяршэння вайны. А калі і чым закончыцца гэтая вайна, мы не ведаем. У гэтым накірунку на дадзены момант нічога зрабіць і немагчыма”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі