Іх норавы: навіны пра вайну, лама ў масцы і драма фігурнага катання

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На гэтым тыдні навіны з Беларусі так часта траплялі на старонкі сусветных СМІ, што ў пэўным сэнсе гэты агляд мог бы складацца шмат у чым з унутрыбеларускага парадку дня.

Але мы ведаем, што чытачы Еўрарадыё ўважліва сочаць за беларускімі навінамі. Таму раскажам, што здарылася па той бок нашых межаў.

 

Вайну не адмянілі — але яшчэ на тыдзень можна выдыхнуць

Так, 16 лютага, якое раней называлася магчымым днём уварвання Расіі ва Украіну, прайшло спакойна. Прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму нават удалося ператварыць дзень патэнцыйнага ўварвання ў свята: ён абвясціў на гэтую дату Дзень адзінства. І сказаў, што Украіна адзіная ў галоўным: яе народ хоча жыць у міры.

Але дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што пагроза гэтаму міру ані не знізілася. А Расія цяпер якраз занятая планаваннем зачэпкі для апраўдання вайны. Зачэпкай, па яго звестках, можа стаць зрэжысаваны тэрарыстычны акт або раскопванне брацкай магілы. Яшчэ адзін варыянт — такая самая зрэжысаваная атака беспілотніка.

Блінкен нават змяніў свой графік паездак, каб выступіць з трыбуны ААН з гэтым папярэджаннем, піша CNN. Ён падкрэсліў, што прыехаў не для таго, каб пачаць вайну, а з тым, каб яе прадухіліць.

— Памятайце, што хоць Расія неаднаразова называла нашы папярэджанні меладрамай і лухтой, яны няўхільна сцягваюць больш за 100 тысяч вайскоўцаў да межаў Украіны, — сказаў Блінкен.

Масква працягвае адмаўляць планы нападу. Кіраўнік расійскага МЗС Сяргей Лаўроў лічыць, што інфармацыйная кампанія пра расійскую агрэсію мае прапагандысцкія мэты.

У тэлеграм-каналах, якія сімпатызуюць расійскаму кіраўніцтву, ашчадна збіраюць перадавіцы сусветных СМІ, якія паведамляюць падрабязнасці пра планы Уладзіміра Пуціна. Адным словам, адкрыта іранізуюць з "даты вайны", якая пастаянна змяняецца.

"Гэта тое, што Пуцін мае на ўвазе, кажучы пра вывад войскаў?"

Тым не менш даты магчымага ўварвання, якія называюць з высокіх трыбун, на іранічны лад могуць настроіць толькі самых моцных — і самых аддаленых ад Кіева. Вось, напрыклад, Байдэн у чацвер заявіў, што Расія можа ўварвацца ва Украіну на працягу найбліжэйшых некалькіх дзён. Паспрабуйце захоўваць спакой!

Але мы ведаем, як вас супакоіць. Крыху пазней стала вядома, што ў канцы наступнага тыдня павінна адбыцца сустрэча Блінкена і кіраўніка расійскага МЗС Сяргея Лаўрова. Нават у Дзярждэпе сказалі, што да гэтага часу эскалацыі адбыцца не павінна, цытуе РІА Новости.

Трудо не змог дамовіцца з дальнабойшчыкамі

Паліцыя Атавы затрымала двух лідараў пратэстаў дальнабойшчыкаў, якія выступаюць супраць нацыянальных правілаў па COVID. А за некалькі дзён да гэтага ў Канадзе ўпершыню ўжылі закон аб надзвычайнай сітуацыі.

Гэта вынік пратэстаў дальнабойшчыкаў. Яны выступаюць супраць абавязковых мандатаў на вакцынацыю — гэта значыць непрышчэпленыя павінны сядзець пасля вяртання з ЗША на каранціне.

Пратэсты доўжыліся не адзін тыдзень, дальнабойшчыкі блакавалі дарогі. У панядзелак прэм'ер Джасцін Трудо не вытрымаў і задзейнічаў закон аб надзвычайных сітуацыях. Ён растлумачыў, маўляў, пратэсты пагражаюць эканоміцы Канады, яе бяспецы і адносінам з ЗША.

Апазіцыйныя партыі прэм'ера не падтрымалі і сказалі, што ён абвастрае і без таго складаную сітуацыю. І наогул выкарыстоўвае "беспрэцэдэнтную кувалду".

Лама ў масцы

Вакцынацыя і каранавірус падзялілі грамадства не толькі ў Канадзе. А нам бы хацелася, каб навіны пра кавід нарэшце сталі такія, як гэтая: у крымскім заапарку нарадзілася лама ў масцы.

Ну, дакладней, у ламы проста незвычайная афарбоўка мыскі. Але супрацоўнікам заапарка, вядома, нічога не заставалася, акрамя як назваць дзіцяня "Стоп Каранавірус". Гэтае імя выбралі карыстальнікі сацсетак.

 

Драма фігурнага катання

Учора ўсе абмяркоўвалі фігурнае катанне. Прычым шмат хто шчыра прызнаваўся — пагадзіцеся, рэдкасць! — што не эксперт у гэтым відзе спорту. Але фінал у адзіночным катанні стаўся такі драматычны, што абмяркоўваўся ўжо не як спорт, а як простая чалавечая трагедыя.

Снежаньская допінг-проба ў 15-гадовай фігурысткі Камілы Валіевай аказалася станоўчай. У ёй знайшлі рэчыва трыметазідын. Да гэтага каментатары часам не стрымліваліся і называлі Камілу проста — найвялікшая.

А потым пачаліся разборы. Валіева давала паказанні, трэніравалася, ухілялася ад журналістаў і не была ўпэўненая, што яе наогул дапусцяць да выступаў.

У выніку суд вырашыў, што адхіліць спартсменку, чые пробы на момант спаборніцтваў былі чыстыя, несправядліва. А як допінг трапіў у арганізм, высветляць пазней. Калі ж расіянка возьме медаль, цырымоніі ўзнагароджвання не будзе — да таго часу, пакуль не стане зразумела, адкуль у пробе рэчыва.

Але Валіева не ўзяла медаля — гэта быў найгоршы ў яе жыцці выступ. Тым часам высветлілася, што забароненае рэчыва магло трапіць у арганізм спартсменкі праз лекі, якія прымае яе дзядуля. Прынамсі, сама Валіева мяркуе, што магла проста выпіць вады з дзядулевай шклянкі — адсюль і раптоўны станоўчы тэст.

Разборы працягнуцца, а пакуль паглядзіце, як мог выглядаць выступ фігурысткі. Вам стане зразумела, чаму за гэтай драмай сачыў увесь свет.

Так выглядае ўдалы выступ Валіевай — і такога чакалі ад яе на Алімпіядзе

Папярэдні вынік Алімпіяды такі: мінімальны ўзрост спартсменаў могуць падвысіць. Таму што падлеткі не павінны перажываць такі маральны ціск.
 

Вачыма не ўбачыш

Яшчэ раз пра вайну — але цяпер зусім інакш. У часе Другой сусветнай французскі лётчык Антуан дэ Сент Экзюперы напісаў добрую філасофскую казку — "Маленькі прынц". Цяпер 30 старонак гэтага рукапісу выстаўленыя ў адным з парыжскіх музеяў.

Акрамя самога рукапісу, на выставе ёсць акварэлі, фатаграфіі, вершы, асабістая карэспандэнцыя Экзюперы. Аўтар пісаў і маляваў на найтанчэйшай паперы, якую называлі "цыбульнай шалупінай", расказвае CNN. І таму транспартаваць старонкі рукапісу, якія ад узросту сталі яшчэ больш далікатныя, было вельмі няпроста.

"Маленькага прынца" пераклалі на 500 моў. Гэтую казку прадалі па ўсім свеце тыражом 200 мільёнаў копій. Але Экзюперы пра гэта не даведаўся: ён загінуў, выконваючы заданне ў 1944 годзе, яго прызналі загінулым у 1945-м.

Чытаючы нашы або любыя іншыя агляды навін, памятайце: самага галоўнага вачымі не ўбачыш. А далей вы ведаеце самі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі