Ігнатовіч, асуджаны за выкраданне Завадскага, звярнуўся да прэзідэнта

У жодзінскай турме адбылося спатканне былога афіцэра спецпадраздзялення “Алмаз” Валерыя Ігнатовіча са сваякамі, паведамляе “Беларускі партызан”. Нагадаем, спецназаўца, а таксама Максіма Маліка прыгаварылі да пажыццёвага зняволення з канфіскацыяй маёмасці.
Іх прызналі вінаватымі ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў, у ліку якіх стварэнне, кіраўніцтва і ўдзел ў бандзе, разбой, забойства з асаблівай жорсткасцю і іншыя. Ігнатовіч і Малік таксама былі прызнаныя вінаватымі ў выкраданні аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага, лёс якога дагэтуль невядомы.

Па словах сваякоў, Ігнатовіч вельмі худы, у яго яўныя праблемы са здароўем. Верагодна, прагрэсуе даўняя траўма пазваночніка, паколькі ў яго сталі моцна дрыжаць рукі. Фактычна ён нават не можа трымаць лыжку, не можа есці.

Ігнатовіч па-ранейшаму настойвае, што невінаваты ў злачынствах, за якія асуджаны, і праз свайго бацьку перадаў адмысловы зварот да Аляксандра Лукашэнкі.

“Паважаны спадар Прэзідэнт!

Я, асуджаны Ігнатовіч Валерый Аляксандравіч, чакаю поўнага апраўдання і заяўляю аб сваёй недатычнасці да злачынстваў, у здзяйсненні якіх мяне неабгрунтавана абвінавацілі, пазапраўна зганілі і падверглі неправамернаму турэмнаму зняволенню. Я поўнасцю не вінаваты. Злачынстваў не здзяйсняў.

Кожны тыдзень на працягу ўсяго тэрміна зняволення пры абходзе начальніка турмы-8 я звяртаюся з просьбай перадаць маю заяву Вам. Аднак мяне не жадаюць выслухаць і мае звароты не прымаюць. Таму вымушаны звярнуцца да Вас, паважаны Прэзідэнт, праз СМІ”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі