Ігар Рынкевіч: Мы правядзем "Чарнобыльскі шлях" цывілізавана, шляхетна

26 красавіка ў Мінску пройдзе дазволены ўладамі "Чарнобыльскі шлях", традыцыйная вулічная акцыя, прымеркаваная да ўгодкаў чарнобыльскай катастрофы. Напярэдадні яго заяўнікаў выклікалі ў гарадскую пракуратуру. З васьмі чалавек, з'явіліся чацвёра: Ігар Рынкевіч ад БСДП (Г), Уладзімір Лабковіч ад Партыі БНФ, Міхаіл Пашкевіч з АГП і Алег Шапавалаў з ПКБ.

Ім было прапанавана падпісаць афіцыйнае папярэджанне аб магчымай крымінальнай адказнасці, калі ўдзельнікі акцыі адхіляцца ад дазволенага маршрута, але ўсе прысутныя арганізатары адмовіліся гэта зрабіць.

Вось што кажа ў інтэрв'ю Еўрарадыё Ігар Рынкевіч:

"У пракуратуры была задача папярэдзіць нас, што нельга не выконваць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Мы ж са свайго боку сказалі, што гатовыя самі, з дружынаю, ахоўваць парадак. Акрамя таго, калі пракуратуры вядома, што нейкая правакацыя рыхтуецца ці што іншае, скажыце нам. Але гэта засталося без адказу".

Сапраўды, на "Чарнобыльскім шляху" з'явіцца дружына для аховы парадку, чаго не было ўжо даўно. Арганізатары абяцаюць, што будуць уласнымі сіламі не дапускаць правакацый, але спадзяюцца, што іх не будзе.

Ігар Рынкевіч: "Але я думаю, што ў гэты памінальны дзень, у гэтую трагічную дату, 26 красавіка, мы пройдзем "Чарнобыльскім шляхам" цывілізавана. І не будзе ніякіх пытанняў адносна таго, што хтосьці думае, што мы не здолеем правесці гэта ўсё шляхетна і згодна з заканадаўствам". 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі