І. Казуліна: “Калі б муж напісаў прашэнне Лукашэнку, гэта быў бы не Казулін"

Хоць яно магло б вызваліць яго з турмы, кажа жонка палітвязня Ірына. У інтэрв’ю іспанскай газеце “Эль-Паіс” Аляксандр Лукашэнка заявіў, што разгледзіць пытанне памілавання экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна, калі той яго аб гэтым папросіць.
“Суд прыняў рашэнне. Гэта незалежная галіна ўлады. Я паважаю яго рашэнне. Адзінае, што я магу зрабіць, гэта памілаваць яго. Калі асуджаны аб гэтым папросіць, я вывучу яго прашэнне і потым скажу, вызваляю я яго ці не”, сказаў Лукашэнка.

Але, відаць, такой просьбы не будзе. Вось што сказала ў інтэрв’ю Еўрарадыё жонка палітвязня Ірына Казуліна:

“Мой муж, па-першае, не лічыць сябе вінаватым. Па-другое, мой муж лічыць, што ён сядзіць у турме толькі з-за таго, што на тое была асабістая воля Лукашэнкі. І таму ніякага прашэння аб памілаванні ён пісаць не будзе. Можна дабівацца сваёй мэты, але ж не любымі сродкамі, канешне.

Прагінацца такім чынам ён не стане, хаця з жыццёвага, прагматычнага пункту гледжання, я разумею, што калі б ён напісаў “чалабітную”, яго б выпусцілі. Але тут справа зусім у іншым. Гэта жыццёвая пазіцыя. Калі б Казулін напісаў прашэнне, то гэта быў бы не Казулін, а нейкі іншы чалавек”.

Фота - Kozylin.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі