Хто такія Камароўскі і Дуда

У Польшчы 10 траўня прайшоў першы тур прэзідэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтрвыбаркама яго, з вынікам у 34,76% галасоў, выйграў Анджэй Дуда — апазіцыйны кандыдат. Другое месца атрымаў дзеючы прэзідэнт Браніслаў Камароўскі — 33,7%. 24 траўня нашых суседзяў чакае другі тур.

Палітычная кар’ера

Браніслаў Камароўскі

З 1989 года з’яўляўся кіраўніком апарата міністра абароны Польшчы па пытаннях супрацоўніцтва з палітычнымі арганізацыямі. Выконваў абавязкі намесніка міністра абароны. Быў абраны ў парламент ад партыі “Дэмакратычны саюз”. У 2007 годзе стаў маршалам Сейма. З 2010 года — прэзідэнт Польшчы. Саюзнік кіруючай у Сейме правацэнтрысцкай партыі “Грамадзянская платформа”.

Анджэй Дуда

У 2006 годзе заняў пост намесніка дзяржсакратара ў Міністэрстве юстыцыі. Быў статс-сакратаром у канцылярыі прэзідэнта Леха Качынскага. Дэпутат Сейма з 2011 па 2014 год. Балатуецца ад правай кансерватыўнай партыі “Закон і Справядлівасць”, якую ўзначальвае брат былога прэзідэнта Польшчы, загінулага ў авіякатастрофе пад Смаленскам, Яраслаў Качынскі.

Перадвыбарныя праграмы і палітычныя перавагі

Анджэй Дуда

Кандыдат вядомы кансерватыўнымі поглядамі. Ён выступае супраць штучнага апладнення, супраць увядзення ў краіне еўра: “Так — Еўрасаюзу, не — еўра. Пакуль мы не станем зарабляць столькі, колькі зарабляюць у Заходняй Еўропе, пра еўра можна забыцца”.

Брусель, паводле яго слоў, выкарыстоўвае Варшаву ў сваіх інтарэсах і жадае падзяліць Польшчу.

Палітык абяцае, што калі стане прэзідэнтам, прыме законы аб зніжэнні пенсійнага ўзросту і аб павышэнні мінімуму даходаў, які не абкладаецца падаткам.

Браніслаў Камароўскі

Дзеючы прэзідэнт падчас гэтай перадвыбарчай кампаніі рабіў стаўку на знешнюю бяспеку. Ён мае крыху больш цэнтрысцкія погляды, чым Дуда, і абяцае вырашаць ўсе знешнія канфлікты мірным рацыянальным шляхам. Прэзідэнт арыентаваны на Заходнюю Еўропу і бачыць у Берліне саюзніка.

Палітык абяцае забяспечыць усе ўмовы для таго, каб моладзь заставалася ў краіне, правесці мадэрнізацыю эканомікі. Прэзідэнт мае спецыяльную праграму па развіцці сельскай гаспадаркі і праграму падатковых ільгот для інавацыйных прадпрыемстваў.

Наступную фінансавую дапамогу ад ЕС Камароўскі абяцае выкарыстаць для стварэння новых працоўных месцаў, а не для развіцця дабрабыту. І да 2025 года зрабіць Польшчу “адной з самых інавацыйных краін ЕС”.

Стаўленне да ЕС і NATO

Браніслаў Камароўскі

Прэзідэнт Польшчы мае яскравы праеўрапейскі вектар. У сваёй праграме ён падкрэсліў: “Мы былі і будзем актыўнымі і адказнымі ўдзельнікамі NATO і ЕС”. Ён нагадаў, што наступны саміт NATO адбудзецца ў 2016-м годзе ў Польшчы.

Анджэй Дуда

Палітык лічыць, што Польшчы неабходны саюзнік у выглядзе ЗША для супрацьстаяння Расіі і Германіі. Актыўна падтрымлівае NATO і вядомы “еўраскептычнымі” выказваннямі.

Стаўленне да канфлікту на ўсходзе Украіны

Анджэй Дуда

Кандыдат выказаўся за падтрымку ўкраінскай арміі на Данбасе: “Польшча магла б аказаць падтрымку. Варта было б пра гэта падумаць”, — заявіў палітык.

Пры гэтым Дуда актыўна падтрымлівае NATO. І калі б падобнае рашэнне прымалася на ўзроўні альянсу, адзначае ён, яго трэба было б выконваць.

Падчас кампаніі кандыдат неаднаразова заяўляў, што Еўропа мусіць прыкласці ўсе намаганні, каб Расія пакінула захопленыя ўкраінскія тэрыторыі ўключна з Крымам.

Браніслаў Камароўскі

Яшчэ ў студзені прэзідэнт Польшчы выступіў супраць рашэння адносна магчымай непасрэднай падтрымкі польскім войскам Украіны.

Ён сказаў, што аўтарытэту Польшчы не будзе спрыяць меркаванне, што краіна магла б асобна ад ЕС і NATO разглядаць сцэнарыі развіцця палітычнага кірунку ў дачыненні да Украіны.

На думку прэзідэнта, Украіне будзе спрыяць толькі агульная пазіцыя Еўрасаюза і NATO ў падтрымцы Кіева ва ўмацаванні суверэнітэту.

У красавіку ён заявіў, што “не будзе стабільнай бяспечнай Еўропы без Украіны”.

Фота: radom24.pl, PAP/Paweł Topolski, WP.PL/Łukasz Szełemej, PAP/Radek Pietruszka, Reuters/Kacper Pempel.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі