Хто прыйдзе на месца беларускага бізнесу, закрытага праз каранавірус

Графіці "Пасля чумы прыйшоў Рэнесанс" / Reuters
Графіці "Пасля чумы прыйшоў Рэнесанс" / Reuters

У крызіс, выкліканы пандэміяй каранавіруса, улады Беларусі падтрымліваюць прыватны бізнес пераважна рэкамендацыямі. У адрозненне ад Расіі, дзе прадпрымальнікам абяцаны льготныя крэдыты, падатковыя вылікі і спісанні страхавых плацяжоў, і іншых суседніх з намі краін.

Паводле ацэнкі эканаміста Яраслава Раманчука, калі рэалізуецца песімістычны сцэнар, то 40% уладальнікаў беларускага малога і сярэдняга бізнесу могуць не справіцца з цяперашнім крызісам. Хто прыйдзе на месца, якое яны вызваляць? І якія выйсці будуць шукаць тыя, чый бізнес у Беларусі закрыецца?

З падзеннем попыту сутыкнуцца ўсе

Яраслаў Раманчук не разлічвае на прыток капіталу з-за мяжы ў Беларусь. Па-першае, у іншых краінах цяпер таксама крызіс, кажа ён. Па-другое, бізнес прыходзіць у тую дзяржаву, дзе забяспечаны камфортныя і бяспечныя ўмовы для яго вядзення. 

Кто придёт на место белорусского бизнеса, закрытого из-за коронавируса
Яраслаў Раманчук / Еўрарадыё

— А ў Беларусі гэтага няма. У нас высокая ступень палітычных рызык. Акрамя таго, падатковая сістэма непрадказальная. Бізнесмены, якія знаходзяць кантакты з кіраўніцтвам дзяржавы, знаходзяцца ў асаблівых умовах, — лічыць Раманчук. — Таму нават з увагі на тое, што Еўрапейскі цэнтральны банк хутка пачне "ўліваць" больш за 3 трыльёны еўра ў бізнес і гэтыя грошы будуць шукаць прымяненне, шанцы на тое, што Беларусь стане краінай-рэцыпіентам, вельмі малыя.

Не чакае прыходу замежнага бізнесу ў Беларусь і сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў:

— Прадпрымальнікі ва ўсім свеце цяпер перажываюць крызіс. Замежны бізнес у такіх умовах наўрад ці прыйдзе. А асноўная праблема цяпер — гэта падзенне попыту. І яна аднолькавая як для беларусаў, так і для замежнікаў.

"Шмат дробязяў, якія вельмі абмяжоўваюць"

Яўген Васільеў, уладальнік сеткі мінскіх кавярняў "Валенка", лічыць, што ў яго сферы прыход замежных сетак таксама малаімаверны. Па словах прадпрымальніка, сістэма грамадскага харчавання ў Беларусі яшчэ слаба развітая, а дабрабыт нашых грамадзян не такі высокі, каб дачакацца прыходу таго ж Starbucks.

Бізнесмен заўважае, што наведвальнасць кавярняў і рэстаранаў падае. Але лічыць, што выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў.

— Мы не просім грошай, як гэта адбываецца ў многіх краінах. Мы прапануем шляхі па спрашчэнні выязнога гандлю, дастаўкі і гэтак далей. Асноўная праблема грамадскага харчавання — гэта адсутнасць магчымасці канкураваць, — кажа Васільеў. — У Беларусі рынак вузкі, спіс імпарцёраў кароткі. Мы сутыкаемся з абмежаваннямі пры вырабе ўласнай прадукцыі, не можам зрабіць фудтрак і выехаць куды-небудзь у парк ці на вадаём. Шмат дробязяў, якія вельмі абмяжоўваюць.

Многія прадпрымальнікі цяпер далучаюцца да "Асацыяцыі рэстаратараў", якая рыхтуе прапановы дзяржаве па падтрымцы рэстараннага бізнесу.

— Меры падтрымкі не абавязкова павінны быць матэрыяльныя. Нам дапамагло б, напрыклад, прыраўноўванне нашых тарыфаў на электраэнергію да вытворчых тарыфаў. Каранавірус абвастрыў праблемы галіны, якія назапашваліся ўжо доўгі час, — рэзюмуе Яўген Васільеў.

Месца бывае пустое

Калі беларускія прадпрыемствы закрыюцца, а на іх месца ніхто не прыйдзе, што будуць рабіць людзі, якія сёння занятыя ў пацярпелых сферах эканомікі? Яраслаў Раманчук лічыць, што Беларусь чакае скарачэнне прыватнага сектара і масавы адток грамадзян за мяжу. Асабліва гэта датычыцца маладых людзей.

— Яны паедуць туды, дзе ствараюцца ўмовы для прыцягнення капіталу. У беларускіх жа ўладаў іншы парадак дня: ім трэба абараніць наменклатурны бізнес, дзяржаўныя прадпрыемствы. Народная эканоміка, дзе галоўнымі былі б прадпрымальнікі, уладзе не цікавая, — дадае ён.

Найбольш праблемныя сферы: турызм, гатэльны бізнес, грамадскае харчаванне.

— Наш бізнес гнуткі, але ў некаторых галінах многія закрыюцца. Вялікай дапамогі ад дзяржавы чакаць не варта. Дапамагчы магло б адкрыццё межаў і аднаўленне міжнароднага гандлю. Гэта пакуль немагчыма. Трэба павялічваць унутраны попыт. Стратэгіяй займаюцца, але вынікаў пакуль няма, — дзеліцца думкай Віктар Маргелаў.

Беларускі Мінфін па-ранейшаму распрацоўвае другі пакет мер па падтрымцы эканомікі (першы прадпрымальнікі лічаць крывым і няправільным). Некалькі дзён таму паведамлялася, што ў найбліжэйшы час дакументы павінны легчы на стол Аляксандра Лукашэнкі.

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі