Хлопца не ўзялі ў войска з першага разу, бо не было месцаў

Малады спецыяліст працаваў у школе настаўнікам па размеркаванні, пасля ўнівера. Раптам — прыходзіць павестка з войска. Ён вырашае не касіць, расказвае Еўрарадыё сястра прызыўніка Аксана:

“Падумаў, што год у войску лепш за адпрацоўку. Сям’я зладзіла провады, за паўмесяца ён звольніўся з працы, з’ехаў з кватэры”.

Але ў войску для яго… не знаходзіцца месца. І малады прызыўнік вяртаецца дадому. Бацькі нават думалі, што ўцёк!

“Мы яго адпраўляем ранкам у войска. Увечары ён вяртаецца. Падумалі, што ўцёк. Ім сказалі, каб да вясны гулялі, бо няма месцаў. Там іх было каля 300 чалавек. Каму па 18 гадоў — усіх забралі. А тых, каму ўжо па 23, адправілі дадому", — расказвае сястра Аксана.

Давялося вяртаецца на працу, адкуль быў звольнены. Добра, што ўзялі, бо працаваў па размеркаванні. Але хлопец згубіў здымную кватэру, ад якой адмовіўся з-за войска.

“Ён мусіць адпрацаваць два гады, таму яго прынялі. Але тое, што ён адсутнічаў — згубіў грошы, таксама згубіў здымную кватэру. Ды і на працы узялі новага выкладчыка, і ў яго па стаўцы менш стала атрымоўвацца”, — даводзіць Аксана.

Месца ў войску для брата Аксаны знаходзіцца толькі ўвесну, праз паўгода пасля першага прызыву. Цяпер ён служыць. І ў войску правядзе на адзін дзень менш, бо першая спроба трапіць на службу таксама залічваецца.

Бывае, што для прызыўнікоў не хапае месцаў — адразу прызнаюць у ваенкамаце Першамайскага раёна Мінска. Але запэўніваюць, што такога даўно не было:

“Адбор робіцца з рэзервам. Павестку выдаюць за 10 дзён. За гэты час чалавек можа зламаць нагу, захварэць, могуць захварэць сваякі. Тады ён не ідзе ў войска. Але трэба выконваць план, таму набор робіцца з запасам”.

У ваенным камісарыяце Партызанскага раёна Мінска набіраюць з рэзервам у 10%. Але недахоп месцаў для прызыўнікоў называць рэдкасцю. І раяць браць даведку ў ваенкамаце, каб пасля зноў вярнулі на працу.

“Бярэ даведку, што яго не накіравалі, бо няма патрэбы. Нясе на працу і яго абавязаныя аднавіць, нават, калі гэта прыватная фірма”, — тлумачаць у ваенкамаце.

Нагадаем, ва Украіне і Грузіі збіраюцца пераходзіць на кантрактнае войска. Расія збіраецца цалкам перайсці на кантракт да 2017 года. А ў Беларусі не будуць уводзіць 100% кантрактнае войска.

Фота: onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі