Хакеісты мінскага "Дынама" выйгралі ў овертайме ў рыжскіх аднаклубнікаў

Хакеісты мінскага "Дынама" ў першым хатнім матчы ў чарговым чэмпіянаце КХЛ выйгралі ў рыжскіх аднаклубнікаў — 2:1 (0:0, 1:0, 0:1, 1:0). Большасць паядынкаў гэтых каманд праходзяць ва ўпартай барацьбе, нярэдка ўсё вырашаецца на апошніх секундах ці ў дадатковыя перыяды. У чацвер на "Мінск-Арэне" таксама ішла барацьба за важныя ачкі і ніхто не хацеў саступаць.

Яўген Кавыршын адкрыў лік толькі на 39-й хвіліне. Аднак Дарзіньш на 44-й выйшаў сам на сам з Скрывенсам і зраўняў лік. На апошніх хвілінах мінчукі гулялі ў большасці, мелі некалькі выдатных момантаў, якія не змаглі рэалізаваць. А на 61-й хвіліне ў овертайме Мэт Элісан трапным кідком прынёс перамогу мінскаму "Дынама".

Цяпер у дынамаўцаў 8 ачкоў пасля 5 гульняў і 12-е месца ў Заходняй канферэнцыі. 17 верасня яны прымуць на "Мінск-Арэне" "Металург" з Навакузнецка.