Гурт Pet Nihil зняў “майданаўскую” версію кліпа на песню “Урод” (відэа)

Гарадзенскі гурт Pet Nihil прадставіў у інтэрнэце альтэрнатыўную версію кліпа на песню “Урод”. Рэмэйк змяшчае кадры, знятыя журналіста Аляксандрам Баразенкам падчас веснавых сутычак дэманстрантаў і “Беркута” ў Кіеве.

“Справа ў тым, што Украіна — мая радзіма, — тлумачыць вакаліст гурта Юрый Лакціёнаў. — Хоць я большую частку жыцця і пражыў у Беларусі, але мне не ўсё адно, што там адбываецца. Хацелася выказаць сваю пазіцыю, падтрымаць украінцаў, паказаць ім, што ў Беларусі ды ў той жа Расіі не ўсе думаюць так, як распавядаюць па тэлебачанні прапагандысты. І так супала, што менавіта песня “Урод” найбольш пасуе для гэтага. Бо яна ў шырокім сэнсе пра… не лепшых людзей, якія паводзяць сябе бесчалавечна. Таму і давялося рабіць менавіта рэмэйк, а не здымаць новы кліп”.

Нагадаем, першы варыянт кліпа на песню “Урод” быў прэзентаваны ў траўні 2014 года. Ён стаў першым афіцыйным відэа гарадзенскіх альтэрнатыўшчыкаў. Цяпер Pet Nihil працуюць над матэрыялам для новага альбома, частка якога будзе беларускамоўнай. Запіс дыска запланаваны на наступную вясну. Папярэдні альбом музыкаў "Split", на якім і выйшаў трэк “Урод”, быў выдадзены ў снежні 2014 года, пасля дзевяці гадоў маўчання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі