Гурт “Король и Шут” распачаў апошні гастрольны тур (фота)

27 верасня легендарны піцерскі панк-рок гурт “Король и Шут” дае першы канцэрт без Міхаіла “Гаршка” Гаршанёва. Выступ у гомельскім клубе “Плаза” пачынаецца з хвіліны маўчання. Далей — дзве гадзіны самых моцных хітоў за ўсю дваццацігадовую гісторыю “КиШа”.

“Нават добра, што атрымалася пачаць гастролі з, будзем шчыра казаць, беларускай глыбінкі. Нам вельмі важна, як успрыме праграму публіка з невялічкіх, шчырых гарадоў, без сталічных замашак, — распавядае перад канцэртам гітарыст гурта Аляксандр “Рэнегат” Лявонцьеў. — Мы будзем сачыць за рэакцыяй, каб, можа, потым падкарэктаваць праграму. А канцэрт у Мінску трапляе ў спіс так званых сталічных канцэртаў, дзе, апроч гурта “Король и Шут”, ушанаваць памяць Міхі (Міхаіл “Гаршок” Гаршанёў. — заўв. Еўрарадыё) прыйдуць нашыя сябры. Напрыклад, Андрэй Князеў, Лёха Гаршанёў — брат Міхі… Ува ўсіх свае гастрольныя графікі, таму запрасіць іх на ўсе канцэрты не атрымалася. Нават гэтыя сталічныя канцэрты могуць адрознівацца, бо нехта здолее прыехаць, а нехта — не”.

Пакуль музыкі на сцэне, амаль тысяча фанатаў гурта няспынна вар’яцее пад сцэнай. Іспыт “невялічкаму, шчыраму беларускаму гораду” пройдзены на выдатна. Наперадзе яшчэ адна праверка: пасля смерці франтмэна музыкі “Король и Шут” змянілі назву гурту. Цяпер яны працуюць над новым, атрымліваецца дэбютным альбомам, для якога “Гаршок” паспеў напісаць толькі адну меладычную лінію.

“Мы жадаем зрабіць новы альбом як мага больш “заходнім”, — распавядае пра пакуль безназоўны дыск лідар, гітарыст, вакаліст і аўтар “новага” гурта Аляксандр Лявонцьеў. — Міха заўсёды спрабаваў адысці ад “рускага року”, і мы яму ў гэтым актыўна дапамагалі. Хоць мы фактычна і з’яўляемся “Королем и Шутом”, але для нас гэта новы рывок, новы шанец. Раней мы маглі граць што заўгодна і як заўгодна, а Міха гэта ўсё ўмеў падаць так, што ўсё станавілася шэдэўральным. Цяпер жа давядзецца ўсё сваімі сіламі рабіць, таму другога шансу не будзе, зрабіць другі першы альбом не атрымаецца. Мы мусім зрабіць яго лепш за лепшае. Скажу, што гэта будзе не мяккі альбом, але і хардкору чакаць не варта!”.

Канцэрт заканчваецца песняй з запісаным голасам “Гаршка” пад “жывое” суправаджэнне гурта “Король и Шут”.

Развітальныя гастролі калектыву запланаваныя ў 40 гарадах Расіі, Украіны і Беларусі. Па выпадковым супадзенні менавіта на 40-м годзе Міхаіл Гаршанёў і памёр ад спынення сэрца, не дажыўшы да юбілею толькі два тыдні. У Мінску свой апошні канцэрт “Король и Шут” адыграе 28 лістапада.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі