Гурэнка: Я не хачу быць галоўным трэнерам “Дынама”. Магчыма, праз 2-3 гады

Гурэнка: Я не хачу быць галоўным трэнерам “Дынама”. Магчыма, праз 2-3 гады

Вядомы беларускі футбольны спецыяліст Сяргей Гурэнка не хацеў бы станавіцца галоўным трэнерам мінскага “Дынама” ў тых умовах, у якіх сёння знаходзіцца клуб. Пра гэта ён распавёў у размове з рэдактарам Еўрарадыё Віталём Зыблюком і кіраўніком праекта Tribuna.com Максімам Беразінскім. Па словах Гурэнкі, змены ў штабе сталічнага клуба не былі для яго нечаканасцю, а апошняй кропляй да звальнення серба Вука Рашавіча стала апошняя гульня “Дынама” у Лізе Еўропы.

Ці былі ў сталічным клубе змаганні кланаў, што чакае “Дынама” у еўракубках, пры якіх умовах Гурэнка стане галоўным трэнерам каманды, а таксама, чаму вялікія грошы ў беларускім футболе спусцілі не на дзяцей, а на легіянераў — пра гэта футбольны спецыяліст распавёў у эфіры Еўрарадыё.

Слухаць размову цалкам:

Даведка Еўрарадыё:

Сяргей Гурэнка — вядомы беларускі футбаліст і трэнер. Кар’еру гульца на прафесійным узроўні пачынаў у родным Гродне, дзе выступаў за мясцовы “Нёман”. Таксама гуляў за маскоўскі “Лакаматыў”, італьянскія “Рому”, “Парму”, “П’ячэнца” і іспанскі “Рэал Сарагоса”. Афіцыйна завяршыў кар’еру ў 2009 годзе, але ў 2014-м у 41-гадовым узросце згуляў 7 матчаў за мінскі “Партызан” у другой лізе чэмпіянату Беларусі. У якасці галоўнага трэнера працаваў у мінскім “Дынама”, жодзінскім “Тарпеда-БелАЗ”. Сёння трэніруе дубль “Дынама-Мінск” і працуе асістэнтам у штабе зборнай Сербіі. У якасці футбаліста з’яўляецца ўладальнікам Кубкаў Італіі, Іспаніі, Беларусі і Расіі, а таксама чэмпіёнам Расіі.

 

Асноўныя цытаты

— Змены ў трэнерскім штабе мінскага “Дынама” не сталі для мяне нечаканымі, таму што апошнім часам каманда не паказвалі гульні. Калі недзе і паказвалі вынік, то ён быў не па гульні — абыгрывалі на тоненькага. Але менавіта канструктыўнай гульні, каб класна правялі ўвесь матч, такога не было. Апошняй кропляй стала гульня супраць ірландцаў (першы матч другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы супраць “Сэнт-Патрыка”, які скончыўся ў Мінску з лікам 1:1, — заўв. Еўрарадыё).

 

— У тых умовах, у якіх сёння знаходзіцца мінскае “Дынама”, я не хачу быць галоўным трэнерам. Магчыма, праз гады 2-3 можна будзе прыйсці з гэтымі хлопцамі, якія гуляюць у дублі. І тое, калі будуць добрыя мэты і не будуць замінаць.

 

— Цяпер я крыху ўздыхнуў спакойна. Калі ты прыязджаеш, а на цябе коса глядзяць, што ты Вука (Вук Рашавіч, — трэнер мінскага “Дынама”, якога на мінулым тыдні адправілі ў адстаўку) падседжваеш. Мне гэта непрыемна. Я казаў, кажу і буду казаць: мне падабаецца мая праца ў дублі.

 

— Як трэнер дубля, я не мог не аддаць гульца ў аснову. Я быў толькі супраць аднаго: футбаліст, які сёння згуляў матч, павінен аднавіцца, а не ісці трэніравацца ў галоўную каманду.

 

— Вялікая праблема сучаснага футбола, асабліва ў Беларусі — у нас людзі перасталі гуляць адзін у адзін, перасталі гуляць кантактна, усе гуляюць на адлегласці. І я для сябе вырашыў, каб развіваць добра футбалістаў, чаму мы не можам гуляць у тры абаронцы супраць трох нападаючых?

 

— Я ўдзельнічаю ў трэніроўках галоўнай каманды, але збольшага назіраю збоку, адказваю больш за тактыку. Я не знаходжуся на полі.

 

— Сёння ніводзін футбаліст, калі яму нешта баліць, на трэніроўку не выйдзе. Раней і з пераломамі бегалі.

 

— Асноўная задача для “Дынама” — трапіць у групавы этап Лігі Еўропы. Я лічу, што мы абавязаныя праходзіць ірландцаў, а пасля і “Вайводзіну”. Адзіная наша праблема — гэта час. Калі б у нас быў месяц… Цяпер трэба стабілізаваць мікраклімат у камандзе, паспрабаваць падняць функцыянальныя магчымасці гульцоў.

 

— У чэмпіянаце Беларусі для “Дынама” другое месца рэальнае. Як мінімум, другое.

 

— Такія гульцы, як Глеб, на якіх можна зарабіць, нараджаюцца раз на 30 гадоў. І зноў жа, Глеб — гэта быў матэрыял, які з’ехаў у Штутгарт, дзе яго давялі. У нас не хутка з'явяцца такія футбалісты.

 

— Пяць-шэсць гадоў таму ў беларускім чэмпіянаце былі звышпрыстойныя грошы. Тыя магчымасці трэба было выкарыстоўваць. Але мы пачалі гэтыя грошы засвойваць, а не памнажаць. Пачалі везці нейкіх незразумелых замежнікаў, а не ўкладваць грошы, напрыклад, у дзіцячы футбол.

 

— Трэба адмяніць ліцэнзаванне. Ды не патрэбная ліцэнзія, напрыклад, “Граніту”. Ім бы сабраць 12 чалавек. Калі рэальна на сёння браць ліцэнзаванне, то гэта толькі чатыры клубы: ФК “Мінск”, БАТЭ, “Дынама-Мінск”, “Шахцёр” і “Зорка”.

 

— Агульны стыль беларускага футбола: мяч упоперак поля пакаталі чатыры разы і ўдарылі таму варатару. Варатар аддаў ужо тым абаронцам, яны пакаталі пяць разоў мяч упоперак поля і ўдарылі гэтаму варатару. А ты павінен прыходзіць і бачыць: вось гэта БАТЭ, вось гэта “Дынама-Мінск”, а вось гэта “Шахцёр”. У кожнага павінен быць свой малюнак, свой стыль гульні.

 

— Не хачу пакрыўдзіць сённяшніх футбалістаў зборнай, але ў наш час узровень быў лепшы і гулялі мы ў камандах больш значных, але і тое, мы нічога не змаглі зрабіць.

 

— У нас ёсць таленавітыя хлопцы, але гэта іх тата і мама талентам узнагародзілі. А вось працы трэнера па іх не бачна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі